×

Сямейны фестываль для прыхільнікаў футбола

13.06.2019 10:44,

Больш як 100 удзельнікаў з 31 сям’і прынялі ўдзел у сямейным фестывалі “Тата, мама, я — футбольная сям’я!”, арганізаваным прафсаюзным актывам работнікаў адукацыі Чыгуначнага раёна Гомеля.

Прафсаюзная арганізацыя работнікаў адукацыі Чыгуначнага раёна здзіўляе сваёй актыўнасцю і ўсё новымі ідэямі. Сямейны фестываль стаў чарговай яркай ініцыятывай.

— Доўга выбіралі час, каб была магчымасць правесці спаборніцтва-свята для сямейнага адпачынку з дзецьмі, бо ў кожнага свая занятасць, не вельмі проста сабраць разам такую колькасць баць­коў і дзяцей, — расказвае лідар раённай прафсаюзнай арганізацыі Таццяна Стрыжак. — Да ўдзелу ў рэалізацыі задуманага запрасілі такія грамадскія арганізацыі, як Гомельская абласная федэрацыя футбола, “Белая Русь”, “Савет татаў горада Гомеля”, усіх, хто актыўна прапагандуе здаровы лад жыцця, уцягвае дзяцей і дарослых у масавыя заняткі фізічнай культурай і спортам.

Сустрэча адбылася на стадыёне ААТ “Гомсельмаш”. Спачатку адчувалася напружанасць і хваляванне ўдзельнікаў. Але хутка ў работу ўключыліся каментатары, якія падбадзёрвалі дзяцей і дарослых, пасля галоўныя суддзі далі свае тлумачэнні і размеркавалі каманды. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўвайшлі ў дзіцячыя каманды адпаведна ўзро­сту, таты і мамы таксама ўтварылі паасобна дзве каманды — жаночую і мужчынскую. І футбол пачаўся.

Гульні праходзілі адначасова на чатырох пляцоўках. Судзейства забяспечвалі валанцёры руху дваровых гульняў. Асаблівая ўвага балельшчыкаў і арганізатараў была прыкавана да гульні малодшай падгрупы, самаму юнаму футбалісту якой яшчэ не споўнілася нават і чатыры гады. І няхай не ўсё атрымлівалася па правілах, але быць адной камандай, радавацца мячу ў варотах саперніка, перажываць за няўдачы — гэта дзіўныя эмоцыі першых урокаў футбола для малых. Для старэйшых дзяцей гульня давалася таксама няпроста, але ж у іх навыкаў больш, а перажыванні і прага перамогі мацнейшая.

На пляцоўках дарослых спартсменаў гульня ладзілася па-сур’­ёз­на­му.

— Мы назіралі за татамі, і здавалася, што яны скінулі як мінімум па дзясятку гадоў, ператварыліся ў жвавых юнакоў, — з жартам успамінае Таццяна Стрыжак. — Яны так захапіліся гульнёй, што нікога для іх не існавала: толькі мяч, сапернік, вароты. Не адставалі, дарэчы, і матулі. Нават пачынаў задавацца пытаннем, адкуль такія навыкі гульні, бо далёка не ўсе па прафесіі маюць дачыненне да спорту. А потым разумееш, што яны проста выдатныя мамы сваіх дзяцей. І спяваць-ска­каць, і ў футбол гу­ляць — усё разам.

Арганізатарамі спартыўнага мерапрыемства першапачаткова прадугледжвалася заахвочванне ўсіх удзельнікаў, але на тое яно і спаборніцтва, каб вызна­чыць лепшых.  Кожная сям’я — удзельніца сямейнага фестывалю атрымала дыплом, памятныя значкі і прысмакі. А ў тройку лідараў увайшлі сем’і Гарычэнка, Алампіевых і Бутовіч. За выдатную гульню яны ўзнагароджаны памятнымі знакамі і футбольнымі мячамі. А сям’і Алампіевых уручаны сертыфікат пераможцы, які дае права прадстаўляць Гомельшчыну на Рэспубліканскім фестывалі “Тата, мама, я — футбольная сям’я!” у верасні гэтага года.

Наталля ЛУТЧАНКА.