×

Такая важная адаптацыя

31.05.2019 11:40,

На працягу ўжо некалькіх гадоў у светлагорскім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 для бацькоў і іх дзяцей ад 1,5 да 3 гадоў, якія пакуль яшчэ не наведваюць дзіцячы сад, дзейнічае новая форма дашкольнай адукацыі на платнай аснове “Адаптацыйнага група”. Асноўная мэта — фарміраванне ў дзяцей псіхалагічнай гатоўнасці да паступлення ў дашкольны цэнтр.

Як паказвае вопыт, дзеці ранняга ўзросту маюць цяжкасці ў адаптацыі. Адна з прычын — знікненне мамы: гэта выклікае бурны пратэст дзіцяці, асабліва калі яно ўражлівае і эмацыянальна адчувальнае. Малыя сутыкаюцца са страхамі перад незнаёмымі людзьмі і новымі сітуацыямі. Гэта таксама ўскладняе адаптацыю да дзіцячага садка. Работа адаптацыйнай групы ўяўляе цыкл развіццёвых і аздараўленчых заняткаў і накіравана на стварэнне спрыяльных умоў для паспяховага працэсу адаптацыі дзяцей ранняга ўзросту да ўстановы дашкольнай адукацыі. У бацькоў ёсць унікальная магчымасць разам з сынам ці дачкой не проста адаптавацца да ўмоў дзіцячага сада, але і стаць сведкам таго, як іх малы будзе развівацца, станавіцца самастойным пад кіраўніцтвам дасведчаных спецыялістаў.

Заняткі з малымі і іх бацькамі праводзяцца адзін раз у тыдзень, па дзве гадзіны на працягу навучальнага года. Абавязкова выкарыстоўваюцца казачныя персанажы, цацкі, разнастайныя развіццёвыя гульні, спартыўнае абсталяванне. У гэтым навучальным годзе ўпершыню для малых і іх бацькоў адкрыў свае дзверы і плавальны басейн, які дорыць мноства станоўчых эмоцый.

У ходзе адукацыйнай і аздараўленчай дзейнасці малыя атрымліваюць навыкі ўзаемадзеяння з педагогам, іншымі дзецьмі і дарослымі, у іх развіваецца агульная і дробная маторыка, фарміруюцца сенсорныя эталоны (колер, форма, памер), бязбоязнае ўваходжанне ў ваду, гульні ў вадзе. Акрамя гэтага, у бацькоў ёсць магчымасць атрымаць кансультацыі кваліфікаваных педагогаў: настаўніка-дэфектолага, педагога сацыяльнага, педагога-псіхолага, выхавальніка, музычнага кіраўніка, кіраўніка фізічнага выхавання, медыцынскіх работнікаў. Варта адзначыць, што такая паслуга запатрабавана.

На думку бацькоў, чые дзеці ўжо наведвалі адаптацыйную групу, у малых сфарміравалася станоўчае стаўленне да дзіцячага садка, лёгка прайшла адаптацыя, а дарослым удалося зрабіць правільны выбар на карысць установы дашкольнай адукацыі, праца якой ім добра знаёмая.

Наталля ЛАПЦЕВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Светлагорска.