×

Такое рознае лета

02.07.2019 11:15,

Лідарская змена “1 + 1”

Грамадская работа, распрацоўка маладзёжных праектаў і незабыўны адпачынак — менавіта гэта ляжыць у аснове лідарскай змены, якая збірае разам самых актыўных прадстаўнікоў вучнёўскага самакіравання з усёй вобласці.

Сёлета Гомельскі абласны палац творчасці дзяцей і моладзі адкрыў ужо адзінаццатую лідарскую змену, якая сабрала 30 юных актывістаў, гатовых па­траціць летнія канікулы не толькі на забавы і гульні, але і на сур’ёзныя справы, якія могуць прынесці карысць іх равеснікам і грамадству ўвогуле.

Дзевяцідзённы карысны адпачынак пачаўся з інтэрактыўнага знаёмства. На адкрыцці лагера юнакоў і дзяўчат вітала начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гоме­льскага аблвыканкама Алена Клачкова. А каардынатар абласнога савета старшакласнікаў намеснік дырэктара абласнога Палаца творчасці Таццяна Беладзедава і ўдзельнікі лідарскіх змен мінулых гадоў расказалі новаму пакаленню пра гісторыю і традыцыі такіх змен.

У першы дзень працы лагера таксама быў запланаваны ўрок аднаго танца, пасля якога ў старшакласнікаў з’явілася магчымасць пазнаёміцца бліжэй, пагутарыць і пасябраваць.

На наступны дзень лідараў чакала сур’ёзная работа. Яны працавалі над праектамі, якія ў найбліжэйшы час могуць быць рэалізаваны на месцах. Як правіла, гэтыя праекты накіраваны на паляпшэнне жыцця моладзі ў раёнах — ад стварэння клубаў да добраўпарадкавання паркаў, дзе маладыя людзі могуць адпачываць і праводзіць вольны час. Варта адзначыць, што, дзякуючы настойлівасці юнакоў і дзяўчат, падтрымцы галоўнага ўпраўлення адукацыі і мясцовых улад, усе задумы, якія нараджаюцца ў старшакласнікаў падчас лідарскай змены, звычайна паспяхова рэалізоўваюцца. Многія з іх, дарэчы, маюць агульнаграмадскую значнасць.

Праграма лідарскага летняга лагера заў­сёды вельмі насычаная, у ёй шмат карыснай працы, розных мерапрыемстваў, паходаў і сустрэч.

Сёлета ўдзельнікі лідарскай змены ў Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, 22 чэрвеня, адправі­ліся ў тэматычны паход у Семень Гомельскага раёна. Юнакі і дзяўчаты навялі парадак каля ўстаноўленага ва ўрочышчы помніка палку народнага апалчэння Гомеля і 53-му палку НКУС. А пасля іх чакалі ваенізаваная эстафета, гульня “Захоп сцяга” і навучанне прыёмам рукапашнага бою. Усё гэта арга­нізавалі выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба “Гонар” са сваім кіраўніком Юнусам Рахматавым. Тэматычны дзень аказаўся вельмі насычаным. Стомленыя, але ў добрым настроі і са станоўчымі ўражаннямі, акты­вісты вярнуліся ў горад.

На наступны дзень лідарскую змену “1 + 1” зноў чакала падарожжа. Лідары адправіліся на Любенскае возера, што знаходзіцца на тэрыторыі абласнога цэнтра. Затым яны працягнулі работу над мала­дзёжнымі сацыяльнымі праектамі.

Адным з найбольш важных і яскравых момантаў для старшакласнікаў застаецца наведванне галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама і знаём­ства з яго начальнікам Сяргеем Парошыным і намеснікам Жаннай Ждановіч. Гэта добрая непарушная традыцыя. Сяргей Іванавіч заўсёды знаходзіць час у сваім шчыльным графіку, бо лічыць, што сустрэча з лідарамі прыносіць карысць не толькі школьнікам, але і яму таксама. Падчас сустрэчы начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі адзначыў, што часта сам чаму-небудзь вучыцца ў актыўных юнакоў і дзяўчат, чуе ад іх нямала цікавых ідэй і прапаноў, што тычацца адукацыі і выхавання. Дыялог, як заўсёды, атрымаўся цікавым. Вопытныя кіраўнікі расказалі пра сваю працоўную дзейнасць, падзяліліся меркаваннямі аб лідарстве і прафесіяналізме і адказалі на шматлікія пытанні. Хлопцы і дзяўчаты мелі магчы­масць задаць пытанні і атрымаць на іх цікавыя адка­зы.

Кожны дзень лагера быў насычаны цікавымі справамі і ініцыятывамі. Многія з юных лідараў менавіта тут адкрылі для сябе штосьці новае. Напрыклад, упершыню паспрабавалі асядлаць каня пры наведванні коннай спартыўнай школы. Адпачынак і праца ў лагеры лідараў — заўсёды знаёмства з цікавымі людзьмі, гэта творчасць і, канечне, развіццё новых кампетэнцый у маладзёжным сацыяльным праектаванні.

Наталля ЛУТЧАНКА.