×

Таямніцы Тураўшчыны

23.12.2019 12:29,

Выхаванцы Мазырскага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі і сярэдніх школ № 7 і № 8 Мазыра наведалі старажытны Тураў.

Горад Тураў у Жыткавіцкім раёне часта завуць другім Іерусалімам. Згодна з паданнямі, у старажытнасці тут дзейнічала больш чым сем дзесяткаў цэркваў. Горад увайшоў у турыстычны маршрут “Залатое кальцо Гомельшчыны”.

У Тураве дзеці пабывалі ў драўлянай царкве Усіх Святых, пабудаванай у 1810 годзе. Там знаходзіцца адзін са знакамітых тураўскіх каменных крыжоў. Гавораць, што гэтыя крыжы прыплылі па рацэ з Кіева ў Тураў. Лічыцца, што першапачаткова крыжоў, кожны з якіх вышынёй каля двух метраў, было тры. Другі крыж мы пабачылі на тэрыторыі кафедральнага сабора святых Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх, а яшчэ адзін згубіўся. Некаторыя лічаць, што трэці крыж знаходзіцца на Барысаглебскіх могілках.

Сюды з усіх канцоў спяшаюцца людзі, каб дакрануцца да цудатворных каменных крыжоў, якія растуць з зямлі. На могілках стаіць невялікая  капліца, у якой знаходзіцца ўшанаваны вернікамі абраз Казанскай Божай Маці.

Цікавасць школьнікаў выклікала наведванне Замкавай гары, дзе экскурсанты азнаёміліся з гісторыяй заснавання Турава. Менавіта ў гэтых мясцінах жыў асветнік, прапаведнік, паэт, філосаф, епіскап Кірыла Тураўскі. У яго гонар усталяваны сяміметровы помнік.

Падчас паездкі мы таксама наведалі музей прыроды на тэрыторыі Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” і Тураўскі малочны камбінат, дзе вырабляюць сыры па італьянскай тэхналогіі. Мы даведаліся, што сыры пастаўляюцца ў Расію, Кітай, Сінгапур, Іарданію, Малдову. На вытворчасці дзеці ўбачылі працэс закваскі і выраблення прадукцыі, а таксама пакавання сыроў. Парадавала іх і дэгустацыя смачнай прадукцыі.

Святлана САНЬКО,
загадчык аддзела Мазырскага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.