×

Тэлекампанія “Ясянец”

02.07.2019 11:25,

Цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Гомельскага раёна сабраў сваіх самых таленавітых і творчых выхаванцаў — пераможцаў і прызёраў розных творчых конкурсаў і фестываляў — у дзіцячым аздараўленчым лагеры “Ясянец”, што размешчаны недалёка ад абласнога цэнтра.

 Змена была арганізавана ўжо чацвёрты раз запар. Сёлета юнакам і дзяўчатам, якія трапілі сюды, прапанавалі паспрабаваць сябе ў якасці журналістаў, і на 9 дзён аздараўленчы лагер ператварыўся ў тэлекампанію “Ясянец”.

— Зараз у нас адпачываюць 45 дзяцей з 9 да 16 гадоў, — расказвае дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Гомельскага раёна Таццяна Каржова. — Кожны дзень мае пэўную тэматыку, напрыклад, “Здаровы лад жыцця”, “Экалогія”, “Навіны”, “Спорт”. Даецца тэма — і хлопчыкі і дзяўчынкі пачынаюць працаваць: пішуць сцэнарыі, здымаюць і манціруюць ролікі. Стараюцца ўсе. Змена падзелена на два атрады, і паміж імі ёсць здаровы дух саперніцтва. Кожная каманда хоча, каб менавіта іх работа была самая цікавая, самая якасная.

Журналіст не проста творчая прафесія, у ёй ёсць шмат складанасцей, вядомых толькі тым, хто працуе ў гэтай сферы, таму, як вырашыла Таццяна Анатольеўна, варта было правесці майстар-клас ад прафесіянала. У адзін з дзён змены запрошаным госцем стала карэспандэнт раённай газеты “Маяк” Алена Зайцава. Яна расказала пра арганізацыю работы ў рэдакцыі газеты, пра асновы журналістыкі, азнаёміла юных творцаў з механізмамі пошуку цікавых сюжэтаў, а пасля прапанавала дзецям прымяніць веды аб журналісцкай працы на практыцы.

Хлопцам і дзяўчатам спачатку неабходна было самастойна прыдумаць тэму інфармацыйнага сюжэта, а далей, выбраўшы сабе пару, прыступаць да практычнай часткі. Адзін павінен быў выконваць ролю рэпарцёра, другі — аператара. Здымалі, зразумела, на мабільны тэлефон. Атрымалася карыснае прымяненне гаджэтаў. Для большай матывацыі карэспандэнт раёнкі паабяцала, што аўтар лепшага роліка ў канцы дня атрымае падарунак ад газеты. Сюжэтаў хлопцы і дзяўчаты прыдумалі нямала. Асабліва цікавыя відэа атрымаліся пра чытаючую моладзь у лагеры, пра работу службы аховы, модныя тэндэнцыі і трэнды ў тэлекампаніі “Ясянец”, а таксама прыезд папулярнага артыста, ролю якога, дарэчы, выконваў адзін з юнакоў. Па сутнасці гэта была гульня, але іншы раз талентам даводзілася праходзіць сапраўдныя прафесійныя выпрабаванні і адчуваць усю складанасць журналісцкай працы.

Калі работа над інфармацыйнымі сюжэтамі была завершана і хваляванне, здаецца, прайшло, юныя карэспандэнты адправіліся на пажарны аварыйна-выратавальны пост № 14 Гомельскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Тут гасцей чакаў сюрпрыз. Для іх была арганізавана прэс-канферэнцыя з работнікамі МНС. Хлопцы і дзяўчаты выступалі ў ролі журналістаў — задавалі пытанні і абмяркоўвалі са спецыялістамі актуальныя тэмы.

— Прымаць удзел у прэс-канферэнцыі ў пажарнай часці было вельмі хвалююча, — падзялілася ўражаннямі выхаванка лагера Вікторыя Фралова. — Але гэта выдатны вопыт, мне вельмі спадабалася. Думаю, для хлопцаў і дзяўчат, якія хочуць звязаць сваю кар’еру з журналістыкай, гэта было таксама пазнавальна.

Наталля ЛУТЧАНКА.