×

Тры мінуты на абарону экалогіі

14.03.2020 13:13,

У Гомелі каля 130 вучняў старшых класаў падчас рэгіянальнага крэатону прапанавалі ідэі для вырашэння глабальных экалагічных праблем. Эксперты паставілі перад удзельнікамі пытанні для абмеркавання, а каманды школьнікаў хутка вырашалі, што можа зрабіць кожны чалавек, каб паменшыць наступствы змянення клімату і мінімізаваць свой “экалагічны адбітак”.

Усе групы працавалі па аднолькавым алгарытме: спачатку накідвалі ідэі, а прапановы запісвалі ў нататнік. Пасля выбіралі з іх тры лепшыя. Апошніх пяць мінут рыхтавалі да абароны праектаў спікера з ліку лідараў. Спікеру давалася тры мінуты, каб прадставіць аўдыторыі ідэі каманды і дака­заць, наколькі важная іх рэалізацыя. Праца­ваць дапамагалі ментары і эксперты па экалогіі.

Ідэі былі самымі разнастайнымі: ства­раць коміксы, звязаныя з экалогіяй, адмовіцца на заканадаўчым узроўні ад аднаразовага посуду і аэразоляў, выкарыстоўваць сонечныя батарэі і ветракі ў залежнасці ад клімату пэўнай вобласці, замяніць аўтобусы на тралейбусы, прапагандаваць сярод моладзі веласіпеды, праводзіць дні без мяса. Адна з каманд успомніла вопыт еўрапейскіх краін, дзе робаты-сметнікі дзякуюць за выкінутыя асобна паперу і пластык ці дораць за гэта цукерку. На думку ўдзельнікаў крэатону, экскурсіі на сметнікі і забруджаныя выкідамі тэрыторыі дапамогуць усвядоміць вынік нядобрасумленнага стаўлення да прыроды.

Гучала таксама прапанова выдаваць у магазінах скідкавыя купоны на наступную пакупку за здачу непатрэбнай тэхнікі і адзення. Яшчэ адна група прапанавала стварыць карту станцый зарадкі электрамабіляў. Такім чынам, лічаць школьнікі, можна прыцягнуць увагу аўтаўладальнікаў да новага тыпу транспарту. Дзеці таксама настойліва рэкамендавалі звяртаць увагу на склад касметыкі і сродкаў бытавой хіміі. Часта рэчывы, якія змяшчаюцца ў іх, аказваюць шкодны ўплыў на навакольнае асяроддзе.

Менш глабальнай і больш рэальнай назвалі сваю прапанову старшакласнікі, якія лічаць, што ў кожным двары нашай краіны трэба паса­дзіць не менш як тры дрэвы і прывучыць жыхароў даглядаць іх. Наступным узроўнем праекта маглі б стаць “экалагічныя паверхі” ці “экалагічныя дахі” — вялікія зоны з зялёнымі насаджэннямі і кветкамі ў шматкватэрных дамах і гандлёвых цэнтрах. Старшакласнікі таксама прапанавалі распрацаваць гаджэт, які кантралюе расход пітной вады, і мабільны дадатак для размяшчэння актуальнай інфармацыі аб узроўні забруджвання паветра ў буйных беларускіх гарадах.

Гэты крэатон — частка сацыяльна-адукацыйнага праекта “Першыя”, які рэалізоўваецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Усе прапанаваныя старшакласнікамі ідэі разглядалі эксперты па экалогіі і прадстаўнікі кампаніі. Яны звярталі ўвагу на крэатыўнасць і навізну прапаноў, арыгінальнасць і нестандартнасць вырашэння пастаўленых пытанняў, рэалістычнасць задум і магчымасць іх увасаблення, а таксама паспяховасць прэзентацыі.

Каманды, якія прапанавалі самыя цікавыя ідэі, атрымалі падарункі, і ўсе — карысныя парады і каментарыі ад экспертаў. У канцы мерапрыемства журы вызначыла самага лепшага прамоўцу крэатону. Ім стала Ангеліна Себік з Гомеля. Дарэчы, дзяўчына прапанавала пераводзіць на сонечныя батарэі ўсе невялікія будынкі ў Беларусі.

Крэатон у Гомелі стаў апошнім этапам сацыяльна-адукацыйнага праекта “Першыя”. Арганізатары ўпэўнены, што пераможцаў і пераможных у ім няма, бо кожны школьнік паглыбіўся ў праблемы экалогіі, завёў новых сяброў, а хтосьці нават знайшоў каманду для рэалізацыі ўласных экалагічных праектаў. Гэта значыць, што праблемныя пытанні дзеці будуць трансліраваць у сваім асяроддзі і штодзень рабіць маленькія крокі па вялікім выратаванні нашай планеты.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена арганізатарамі крэатону.