×

У чаканні новага ўраджаю

30.05.2019 12:02,

Вёска Вяжны прачынаецца рана. На досвітку ў сельскіх жыхароў шмат спраў па хатняй гаспадарцы, трэба ўсё паспець да пачатку працоўнага дня. І вось ужо нешматлікія вуліцы ажываюць, вяскоўцы крочаць на работу. Спяшаецца ў сваю школу і Віктар Мікалаевіч Пятух. Ён дырэктар і любіць прыйсці першым, каб упэўніцца, што ўсё ў парадку і школьны дзень для вучняў і настаўнікаў, як заўсёды, пачнецца з добрага настрою.

Віктар Мікалаевіч у вёсцы чалавек паважаны. Кожны сустрэчны скажа яму шчырае “Добрай раніцы!” і працягне руку. Многія ўдзяч­ны дырэктару за тое, што, нягледзячы на аптымізацыю, іх невялічкая базавая школа дзейнічае, а гэта дае вёсцы надзею на далейшае жыццё. У Вяжнах сёння налічваецца каля 300 жыхароў, а вясковая школа — адна з самых малаколькасных у Светлагорскім раёне: усяго 35 навучэнцаў і 14 настаўнікаў.

Нехта здзівіцца: як гэта ў цяперашніх умовах такую маленькую школу не рэарганізавалі? А справа ў разумным падыхо­дзе кіраўніка, які знаходзіць новыя шляхі развіцця і не баіцца эксперыментаваць.

Вядома, што вяскоўцы прывычныя да працы на зямлі, сельскім навучэнцам няма неабходнасці тлумачыць, чаму іх прыцягваюць да апрацоўкі прышкольнага ўчастка. Гэтай справай у вяжноўскай школе сур’ёзна заняліся 10 гадоў назад. Мэты ставіліся простыя: вучыць дзяцей апрацоў­ваць зямлю, вывучаць асновы аграноміі і, што вельмі важна, вырошчваць прадукцыю для патаннення харчавання ў школьнай сталоўцы. Пры гэтым педагагічны калектыў установы глядзеў на перспектыву, пастаянна далучаўся да ўдзелу ў семінарах і канферэнцыях, дзе можна было павучыцца, пераняц­ь цікавы вопыт і падзяліцца сваім. Такія намаганні далі вынік. На адным з мерапрыемстваў вясковай школе паступіла прапанова ад міжнароднага грамадскага аб’яднання “Дапамажы людзям” стаць удзельнікамі галандскага гуманітарнага сельскагаспадарчага праекта. Гэты праект рэалізоўваецца ў Беларусі з 1999 года, у яго аснове — культывацыя атрыманага галандскага насення ў кліматычных умовах нашай краіны. Так установа адукацыі далучылася да эксперымента.

Згодна з умовамі праекта, галандскія спонсары даюць насенне і дзеляцца вопытам сучаснага культывавання агароднінных культур. На працягу рэалізацыі праекта, якая разлічана на 5 гадоў, кансультанты з Галандыі карэкціруюць работу ўдзельнікаў, што дапамагае пазбег­нуць памылак.

Мінулагодняй вясной у вяжноўскай школе ўзяліся за працу. У маі ўдзельнікі праекта атрымалі насенне бульбы, морквы, чырвоных буракоў, агуркоў, цыбулі-сеянкі і капусты, якія выса­дзілі на прышкольным участку па ўзгодненым плане севазвароту.

І вось дачакаліся першых усходаў.

— Радаваліся, нібыта дзіву, — успамінае Віктар Мікалаевіч. — Апрацоўкай займаліся гуртам: вучні, баць­кі і работнікі школы. Кожны месяц нас наведвалі прадстаўнікі галандскага боку, праводзілі кансультацыі па тэхналогіі вырошчвання, барацьбы са шкоднікамі і пустазеллем.

Уборка вырашчанай агародніны парадавала, ураджай быў багаты. Хапіла, як кажуць, і сабе і людзям. Перш за ўсё, канечне, атрыманая на прышкольным участку прадукцыя была накіравана на патанненне харчавання навучэнцаў школы. Па словах кіраўніка ўстановы, у 2018/2019 навучальным годзе сума патаннення харчавання склала 960 беларускіх рублёў, а кошт агародніны для харчавання вучняў у сталовай цяпер роўны 1 капейцы за кілаграм. Акрамя ўласных запытаў, школа вырашыла запыты вясковага дзіцячага садка і суседняга Дуброўскага ясляў-сада — сярэдняй школы, з якімі падзялілася ўраджаем, што таксама паўплывала на патанненне харчавання дзяцей у гэтых установах. Частка агародніны, сабранай на прышкольным участку ў выніку ўдзелу ў праекце, была накіравана сельскагаспадарчаму прадпрыемству “Вяжны” для арганізацыі харчавання яго работнікаў. Не засталіся без узнагароды і тыя, дзякуючы чыім намаганням быў атрыманы такі добры ўраджай. Агароднінную прадукцыю для ўласнага карыстання ў якасці стымулявання працы па рэалізацыі праекта атрымалі таксама работнікі школы і навучэнцы. А сёлета ўстанова адукацыі пайшла па вядомым шляху і з яшчэ большым азартам, паколькі канчатковы вынік ужо вядомы, а яго карысць даказана. Бульбу, дарэчы, у гэтым годзе сеялі сваю, з мінулагодняга ўраджаю захавалі 1 тону насенных клубняў.

— Выніковы кошт вырашчанага ўраджаю склаў 2600 беларускіх рублёў, — расказвае Віктар Пятух. — Удзел у праекце дазваляе як цалкам забяспечыць школу агароднінай, так і атрымаць дадатковы прыбытак ад рэалізацыі вырашчанай прадукцыі.

Віктар Мікалаевіч таксама адзначае, што ўдзел у праекце вырашае некалькі задач адразу. Акрамя патаннення харчавання ў школьнай сталовай і магчымасці зарабіць дадатковыя грошы, сельскагаспадарчы эксперымент дазволіў за­няць вучняў у шосты школьны дзень і ў час прахо­джання летняй практыкі, інтэгра­ваць даследчую працу на прышкольным участку ў адукацыйны працэс, спрыяў папулярызацыі сельска­гаспадарчай працы і прафарыентацыі навучэнцаў.

Зараз вучні і настаўнікі ў чаканні новага ўраджаю. Наперадзе яшчэ шмат працы: акучванне, праполка, барацьба са шкоднікамі і, нарэшце, збор вырашчанага. Затое як прыемна пасля бачыць плён сваіх намаганняў!

Натялля ЛУТЧАНКА.
Фота прадастаўлена Вяжноўскай базавай школай.