×

У Чунь цзэ — з дыпломам

06.02.2020 14:22,

У ГДУ імя Францыска Скарыны адзначылі Новы год па кітайскім календары. Для жыхароў Паднябеснай Новы год — Чунь цзэ — гэта свята вясны. Зараз ва ўстанове вучацца 30 грамадзян КНР. Дарэчы, у гэты дзень 11 з іх атрымалі дыпломы аб заканчэнні Шанхайскага інстытута індустрыі, камерцыі і замежных моў і ГДУ імя Францыска Скарыны па спецыяльнасці “Русская филология. Компьютерное обеспечение”. Кітайскія выпускнікі ў Гомелі атрымалі вышэйшую адукацыю першай ступені па інтэграванай праграме.

Дыпломы ўручаў ды­рэктар Інстытута Канфуцыя пры ГДУ, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар хімічных навук, прафесар Аляксандр Рагачоў. Ён пажадаў прафесійных поспехаў і кар’ернага росту выпускнікам, а студэнты выказалі жаданне працягваць навучанне ў магістратуры.

— Два гады назад дзесяць студэнтаў Шанхайскага інстытута прыехалі ў наш універсітэт, — гаворыць дэкан філалагічнага факультэта Алена Палуян. — Паводле праграмы сумеснай падрыхтоўкі студэнтаў і магістрантаў, яны вучыліся ў Кітаі два з паловай гады і два — у нашым універсітэце. Цяпер маладыя людзі паспяхова завяршылі навучанне.

На свята ў Гомель прыехалі прадстаўнікі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна. Ва ўстанове з верасня мінулага года пад кіраўніцтвам выкладчыка Ян Чжыфэна праводзяцца заняткі па кітайскай мове.

Пасля афіцыйнай часткі кітайскія і беларускія студэнты, гімназісты і школьнікі, якія вывучаюць кітайскую мову, выконвалі папулярныя музычныя кампазіцыі, чыталі вершы і танцавалі. Цёпла былі сустрэты выступленні юных спартсменаў, якія прадстаўляюць Гомельскую абласную федэрацыю УШУ, і кітайскіх студэнтак з БелДУТа.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота Кацярыны СЦЕЦКАЙ.