×

У сэрцы застанецца настаўнік

14.06.2019 10:50,

Школа... Як многа яна значыць для кожнага з нас. Тут мы ўпершыню сустрэлі сапраўдных сяброў, закахаліся, радаваліся поспехам і сумавалі з-за няўдач, атрымлівалі самыя незабыўныя ўражанні.

З чаго ж пачынаецца школа? Вядома ж, з першага настаўніка! Ён першы сустрэў нас каля школьнага парога і правёў у жыццё, верачы ў нас так, як ніхто іншы. Першы настаўнік назаўжды застанецца вельмі блізкім і родным чалавекам. Ён вучыў не толькі пісьменнасці, але і даваў першыя ўрокі, як паводзіць сябе з іншымі. Першы настаўнік сапраўды вельмі важны, бо да яго мы прыходзім менавіта ў тым узросце, калі толькі-толькі пачынаем фарміравацца як асобы.


Выпускніцы хіміка-біялагічнага класа Гомельскага абласнога ліцэя Адэліна Усевіч і Вікторыя Гаршунова.

Анжаліка Раманюк, цяпер ужо выпускніца Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя, ужо два гады таму пакінула сцены роднай Буркоўскай школы, што на Брагіншчыне, каб на павышаным узроўні вывучаць гуманітарныя прадметы ў ліцэі. Але пра сваю першую настаўніцу заўсёды ўспамінае з хваляваннем і любоўю.

— Ірына Уладзіміраўна Вегеле — дзіўны чалавек, — гаворыць дзяўчына пра свайго педагога. — За чатыры гады, якія мы правялі разам з ёй, мы з’ядналіся ў адну сям’ю. Нашы школьныя дні не былі аднастайныя, таму што Ірына Уладзіміраўна заўсёды прыдумляла што-небудзь цікавае. Разам з ёй мы хадзілі на пікнікі, экскурсіі, спявалі песні, ладзілі класныя чаяванні з прысмакамі.

Чатыры гады пачатковай школы праляцелі хутка. Анжаліка памятае, як ім, малым, было сумна расставацца з любімым настаўнікам.

— Але нават калі мы перайшлі ў пяты клас, Ірына Уладзіміраўна прыходзіла да нас, пыталася, як справы, і давала добрыя парады, запрашала ў госці, частавала чаем і распавядала цікавыя і займальныя гісторыі, — успамінае сённяшняя выпускніца. — Зараз, нягледзячы на ​​тое, што прайшло шмат часу, мы ўсе падтрымліваем сувязь з нашым першым настаўнікам.

Колькі б гадоў ні прайшло, дзе б чалавек ні знаходзіўся, ён заўсёды будзе памятаць родную школу, бо за 11 гадоў яна стала для яго другім домам.

Ужо празвінеў апошні званок для мільёнаў выпускнікоў. Яны адначасова чакалі і баяліся гэтага дня, бо без хвалявання немагчыма ўявіць, што гэта твой апошні дзень у сценах роднай школы. Больш не трэба збіраць партфель па вечарах, рабіць дамашнія заданні. Здаецца, мы чакаем гэтага дня ўсе школьныя гады, але калі ён наступае, станавіцца вельмі сумна.

Выпускніцы хіміка-біялагічнага класа Гомельскага абласнога ліцэя Адэліна Усевіч і Вікторыя Гаршунова пра сваю школьную пару кажуць, што яна  падзялілася на дзве часткі: школа і ліцэй, і кожная ўстанова пакінула ў памяці добрыя ўспаміны.

— Ліцэй — гэта, канечне, іншы ўзровень, але асаблівых цяжкасцей у вучобе не было, — разважае Віка. — Нагрузка большая, чым у звычайнай школе, але настаўнікі заўсёды разумелі і дапамагалі, калі бачылі, што ты сапраўды стараешся. Ліцэйскія будні былі напоўнены рознымі цікавымі мерапрыемствамі, святамі, традыцыямі, і гэта назаўсёды застанецца ў памяці.

— У школе кожны жыве сваім жыццём, у ліцэі ж ёсць пераемнасць пакаленняў — адзінаццацікласнікі заўсёды дапамагаюць малодшым, якія толькі прыйшлі ў сцены ўстановы, — дапаўняе сяброўку Адэліна. — І гэта добра, гэта аб’ядноўвае ліцэістаў у адну вялікую сям’ю.

Школа — месца, дзе мы навучыліся ўсяму, што дапаможа будаваць далейшы жыццёвы шлях. Сёння ў выпускнікоў пачынаецца зусім іншае, дарослае, самастойнае жыццё. Але ў сэрцах і думках кожнага застанецца настаўнік, да якога захочацца прыйсці, з якім захочацца падзяліцца перажываннямі і дасягненнямі, параіцца ці проста ўспомніць самыя яскравыя моманты часоў вучобы. І гэта не менш важна, чым атэстат з выдатнымі адзнакамі, бо чалавечыя зносіны, бадай, самае дарагое, што мы маем.

Яўгенія ЛЮБІНА,
навучэнка УА “Гомельскі дзяржаўны абласны ліцэй”.