×

У школу бяспекі разам з бацькамі

10.03.2020 16:36,

Правілам дарожнага руху мы вучым дзяцей з дашкольнага ўзросту. У дзіцячым садку дзіця павінна засвоіць асноўныя паняцці пра дарожны рух, а таксама навучыцца самым важным правілам паводзін на дарозе.

Штогод у санаторным яслі-садку Брагіна праводзіцца спартыўны вольны час "Школа бяспекі". У гэтых мерапрыемствах актыўны ўдзел прымаюць супрацоўнікі ДАІ. Сёлета правілам дарожнага руху вучыў дзетак інспектар дарожна-патрульнай службы аддзялення ДАІ Брагінскага РАУС капітан міліцыі Аляксей Гардзейчык.

Дзеці разгадвалі загадкі, выконвалі прыпеўкі, а галоўнае – у гульнявой форме ацэньвалі бяспеку паводзін на вуліцах і дарогах. У госці прыйшлі героі мультфільмаў: гарэза Маша і яе сябры, а таксама прыляцеў Лунцік. Выхавальнікі, якія выконвалі гэтыя ролі, пераўвасабляліся ў паслухмяных вучняў "Школы бяспекі".

Мерапрыемства праводзілася ў зале, дзе была збудавана імправізаваная дарога з дарожнымі знакамі, скрыжаваннем, пешаходным пераходам і макетам святлафора. Дзеці адказвалі на пытанні: “Колькі сігналаў у святлафора? Навошта ён патрэбен? Як завецца чалавек, які водзіць машыну? Для чаго выкарыстоўваюць пешаходны пераход? Дзе трэба чакаць аўтобус? Як трэба паводзіць сябе ў грамадскім транспарце?”. У гульнях дзеці пабывалі і пешаходамі, і пасажырамі, і кіроўцамі. Яны справіліся з усімі заданнямі.

Веды, атрыманыя ў дзіцячым садку, павінны замацоўвацца дома, у сям'і. Да спартыўнага часу была прымеркавана выстава малюнкаў па правілах дарожнага руху, якія дзеці выканалі разам з бацькамі. Пастаяннымі ўдзельнікамі ўсіх выстаў сталі сем'і Вікторыі Грэсь, Андрэя Повада, Аліны Пятніцкай, Ціхана Пархамца, Рамана Краўчанкі.

Хочацца падкрэсліць, што менавіта бацькі паказваюць асабісты прыклад дзецям. Калі матуля, тата ці бабуля пераходзяць вуліцу ў недазволеным месцы, не зважаюць на сігналы святлафора, бягуць праз дарогу на блізкай адлегласці ад транспарта, то самая добрасумленная праца выхавальніка будзе нядзейнай.

Алена Макаранка,
кіраўнік фізвыхавання санаторнага яслі-садка г. п. Брагін