×

У віхуры вальса

09.01.2020 11:40,

Першы абласны навагодні баль сабраў у Гомелі каля сотні школьнікаў старшых класаў, навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнтаў УВА. Кожны з іх мае пэўныя дасягненні ў вучобе, творчай і грамадскай дзейнасці, спорце і навуцы.

Іна Чайкоўская са Жлобіна прызнаецца, што для яе і партнёра Арцёма Сыцько самым складаным танцам стаў паланэз:

— Гэта новы для нас танец. Але мы рэпеціравалі, вучылі і былі задаволены вынікам. Увогуле падрыхтоўка прайшла лёгка. Навагодні баль асацыіруецца з казкай і чараўніцтвам. Мы больш за 10 гадоў займаемся танцамі, але на балі ўпершыню. Адчуванні цудоўныя.

Балі дазваляюць апынуцца ў атмасферы мінулых стагоддзяў. Тым больш што арганізатары імкнуліся, каб усё было па правілах: аркестр Гомельскай абласной філармоніі выконваў забытыя мелодыі, распарадчык кіраваў балем, танцмайстар нагадваў фігуры танца, дзяўчаты ў святочных сукенках і маладыя людзі ў строгіх касцюмах кружыліся ў віхуры вальса...

— Выдатныя традыцыі мінулага можна адрадзіць, — лічыць галоўны рэжысёр свята Пётр Свярдлоў. — Прыкладна месяц дзеці развучвалі матэрыял, харэаграфію. У Гомель прыехалі загадзя і тут таксама былі рэпетыцыі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.