×

Урокі бяспекі для малых

15.03.2019 10:51,

Навучыць падрастаючае пакаленне правілам бяспечных паводзін, прадухіліць магчымыя экстрэмальныя сітуацыі і навучыць асцярожнасці — галоўная мэта педагогаў і бацькоў. У рамках правядзення акцыі “Урокі бяспекі для малых” у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Жыткавіч прайшлі тэматычныя заняткі з выхаванцамі ўсіх узростаў, дзе дасведчаныя педагогі навучылі сваіх падапечных правілам паводзін дома, у лесе, на дарозе і на вадзе, летам і зімой, пры сустрэчы з незнаёмымі людзьмі і небяспечнымі прадметамі.

Пазнавальнымі і памятнымі сталі сустрэчы малых з прадстаўнікамі РАНС. Ратавальнікі расказалі выхаванцам асноўныя правілы бяспечных паводзін у розных сітуацыях, патлумачылі, чаму “запалкі — дзецям не цацка” і чаму гульні з агнём небяспечныя. Малыя з задавальненнем удзельнічалі ў гульнях і конкурсах ад выратавальнікаў, дзе згадвалі пра самае важнае — правілы бяспекі.

Гэтым разам героі мультфільма “Чароўная кніга МНС” расказалі дзецям пра тое, як дзейнічаць пры пажары, не стаць ахвярай тонкага лёду, а таксама правілы карыстання электрапрыборамі. Вядома, усё гэта дзеці не толькі ведаюць, але і выконваюць, а “Фізкультхвілінка”, “Выклік ратавальнікаў”, “Правільна — няправільна” і іншыя конкурсы замацавалі веды. Асабліва запомніўся малышам конкурс “Апрані форму ратавальніка”. Таксама супрацоўнікі РАНС нагадалі нумары экстранных службаў “101” і “112” і навучылі, як правільна патэлефанаваць у службу ратавання ў выпадку бяды. А ў падарунак ад ратавальнікаў усе выхаванцы атрымалі кнігі “Прыгоды Дашы ў краіне небяспекі”.

Святлана ШВЕД,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Жыткавіч.