×

Урокі энергазберажэння для пачаткоўцаў

31.05.2019 12:10,

У рамках работы па рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання культуры навучэнцаў у сферы энергетыкі ва ўмовах сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі” з навучэнцамі пачатковых класаў Крынічанскай сярэдняй школы Мазырскага раёна былі праведзены тэматычныя класныя гадзіны і мерапрыемствы.

Школьнікі адправіліся ў займальнае падарожжа з героямі мультыплікацыйнага фільма “Фіксікі Энергалэнд”. Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, што такое энергазберажэнне, якія віды энергіі існуюць, для чаго неабходная энергія і як беражліва яе расходаваць.

Падчас дыскусіі вучні даведаліся, што энергія патрэбна не толькі для асвятлення памяшканняў і работы бытавой тэхнікі, але і для таго, каб у доме была вада, для руху транспарту і г. д. Якое было здзіўленне пачаткоўцаў, калі ім расказалі, што галоўнай крыніцай энергіі на зямлі з’яўляецца Сонца. Сонечная, энергія рачной вады, ветраная энергія — крыніцы энергіі, якія аднаўляюцца ў выніку прыродных працэсаў. Ёсць крыніцы энергіі, якія аднаўляюцца мільёны гадоў: вугаль, нафта, газ, торф, ядзерная энергія. Навукоўцы падлічылі, што для аднаўлення запасаў нафты, якой чалавецтву хапіла б на 1 год, неабходна 3 мільёны гадоў.

Пасля прагляду мультфільма “Фіксікі. Сонечная энергія” дзеці задумаліся аб эканоміі электраэнергіі. Бо праблема энергазберажэння ў апошнія гады набыла асаблівую актуальнасць. Ва ўсім свеце робяцца вялізныя намаганні па ўкараненні інавацыйных рашэнняў і тэхналогій, якія дазваляюць захаваць спажыванне электраэнергіі. І для Беларусі, якая не валодае значнымі запасамі вуглевадародных рэсурсаў, пытанні энергазберажэння заўсёды былі прыярытэтныя. Зрабілі выснову, што энергазберажэнне — гэта найбольш танная крыніца энергіі. Ва ўсе часы ўменне эканоміць было адным з галоўных для добрага гаспадара. А кожны добры гаспадар ведае, што энергазберажэнне ў кватэрах дасягаецца меншымі нормамі расходу вады і электрычнасці. Перад вучнямі паўстала пытанне: “Як жа ім сэканоміць?” Працуючы ў групах, кожны прапанаваў сваю параду.

Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з відамі электрычных лямпачак: звычайная лямпачка напальвання, энергазберагальная, светадыёдная. Даведаліся, якія лямпачкі больш эканомяць электраэнергію, і трэба менавіта таму іх выкарыстоўваць у сваіх кватэрах.

Сышліся ў меркаванні, што ўсе павінны эканоміць энергію не толькі дома, але і ў школе, каб запасаў гаручых карысных выкапняў хапіла на доўгія годы. А таксама школьнікі вырашылі данесці гэтую інфармацыю да бацькоў, каб яны навучыліся выкарыстоўваць энергію, якая знаходзіцца ў нашым распараджэнні, настолькі эфектыўна і бяспечна ў адносінах да навакольнага асяроддзя, наколькі магчыма.

Пасля класнай гадзіны дзеці вырашылі расказаць іншым навучэнцам пачатковых класаў пра неабходнасць эканоміі электраэнергіі. Яны адправіліся разам з Электрошам і Нязнайкам у падарожжа ў краіну беражлівасці. З інсцэніроўкі казкі “Ягоркава электра-гора” вучні даведаліся, чаго нельга рабіць, калі жадаем эканоміць электраэнергію.

Ларыса ПАЗНЯКОВА,
настаўніца пачатковых класаў Крынічанскай сярэдняй школы Мазырскага раёна.