×

Увага — абароне правоў удзельнікаў адукацыйнага працэсу

26.09.2019 11:16,

Міжнародны семінар і навукова-практычная канферэнцыя “Правы і абавязкі ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. Інавацыйныя падыходы” ў рамках рэалізацыі Міжнароднага праекта EduLAW (праграма ERASMUS+) прайшлі ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны. Мерапрыемствы сабралі прадстаўнікоў устаноў вышэйшай адукацыі з Беларусі, Расіі і Бельгіі.

Праект рэалізуецца з 2016 года. У склад міжнароднага кансорцыума ўваходзяць універсітэты Расійскай Федэрацыі, Беларусі, Албаніі, Бельгіі, Польшчы і Літвы. У нашай УВА праект рэалізуецца сіламі факультэтаў псіхалогіі і педагогікі і юрыдычнага.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся першы прарэктар ГДУ імя Ф.Скарыны Андрэй Крук і каардынатар праекта Грас Лоўэрс (Свабодны ўніверсітэт Бруселя). Праграма навуковага мерапрыемства была надзвычай насычанай і разнастайнай. У хо­дзе пленарнага пасяджэння сваім вопытам у вырашэнні праблем правоў і абавязкаў удзельнікаў адукацыйнага працэсу з прысутнымі дзяліліся дэкан факультэта псіхалогіі і педагогікі Уладзіслаў Бейзераў і начальнік аддзела міжнародных сувязей Аляксандр Грахоцкі (ГДУ імя Ф.Скарыны), Вераніка Радыгіна і Вольга Клязовіч (БДПУ імя Максіма Танка), Вераніка Токтарава і Кацярына Флігінскіх (МДУ, Іашкар-Ала), Віталь Мацвееў (МДПУ, Масква).

Пасля пленарнага пасяджэння ўдзельнікі канферэнцыі змаглі ацаніць выступленне інтэграцыйнага псіхалагічнага тэатра Moon, які працуе на нашым факультэце псіхалогіі і педагогікі. У далейшым у рамках работы круглага стала многія тэмы дакладаў выклікалі вялікую цікавасць і дыскусію. Асноўныя пытанні тычыліся інавацыйных метадаў і іх прымянення ў адукацыйным працэсе. Сваім вопытам у вырашэнні розных педагагічных праблем падзяліліся дацэнт кафедры псіхалогіі Віталь Дворак, дацэнт кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры Міхаіл Кошман і іншыя прадстаўнікі акадэмічнай супольнасці.

Уладзіслаў БЕЙЗЕРАЎ,
дэкан факультэта псіхалогіі і педагогікі ГДУ імя Ф.Скарыны.