×

Валанцёрамі не нараджаюцца — валанцёрамі становяцца

10.03.2020 11:35,

У гэтым упэўнены спецыялісты Ельскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

Ідэя арганізаваць валанцёрскі рух узнікла ў ЦКРНіР амаль пяць гадоў назад. Перад калектывам стаялі задачы: прыцяг­нуць педагогаў і дзяцей, якія навучаюцца ва ўстановах адукацыі раёна, да валанцёрскай дзейнасці; з дапамогай валанцёраў папулярызаваць ідэі талерантнасці, інклюзіўнай адукацыі і інклюзіўнай культуры.

Пачалася работа ў 2013 годзе. Ідэя правядзення тыдня талерантнасці знайшла шырокі водгук і падтрымку ў калектывах многіх устаноў адукацыі Ельскага раёна.

Прапагандзе валанцёрскага руху ў першыя часы садзейнічалі выступленні перад педагагічнымі калектывамі ўстаноў адукацыі раёна, публікацыі пра жыццё нашых выхаванцаў, святы і надзённыя клопаты ў раённай газеце і на сайце. Тады ж была арганізавана першая сустрэча валанцёрскага атрада вучняў школы Nordic (Нідэрланды) і вучнёўскага актыву Ельскай раённай гімназіі. Падчас сустрэчы дзеці пазнаёміліся з асновамі валанцёрскага руху ў розных краінах, з дзецьмі і педагогамі ЦКРНіР, атрымалі першы вопыт у арганізацыі валанцёрства.

У рамках тыдня талерантнасці ў раёне штогод пачалі праводзіцца інфармацыйна-асветніцкія акцыі і конкурсы: “Горад без бар’ераў” (2013), “Дзеці павінны вучыцца ра­зам” (2014), “Цацкі і гульні, якія лечаць” (2014), “Кнігі добрых парад” (2015), “Дрэва добрых спраў” (2015), буккросінг “Кнігі пра дабрыню” (2017), “Добрыя паштоўкі” (2017, 2018). За пяць гадоў такіх акцый у раёне было праведзена больш за 15. Іх удзельнікамі стала большасць навучэнцаў устаноў горада і раёна.

Паступова разам з асветніцкай дзейнасцю штогод пачалі арганізоўвацца і праводзіцца канцэрты, выставы, спартыўныя мерапрыемствы: спартландыя “Усе разам” (2016), забаўляльная праграма “Экспедыцыя добрых спраў” (2017), інклюзіўны фестываль “Мастацтва аб’ядноўвае дзяцей” (2018), “Разам з сябрамі” (2019). На іх разам з дзецьмі-інвалідамі і іх бацькамі запрашаліся выхаванцы і педагогі дзіцячых садкоў горада, вучні пачатковых класаў школ. Мэта такіх мерапрыемстваў — знаёмства дзяцей, дэманстрацыя агульнасці інтарэсаў.

Штогод мерапрыемствы для выхаванцаў цэнтра арганізоўваюць педагогі і навучэнцы сярэдняй школы Nordic: інклюзіўнае свята “Свет дзяцінства” (2014), сенсорная казка “Малыя сябры” (2018), тэатральная пастаноўка “Веснавыя прыгоды” (2019). Такія майстар-класы ад дзяцей з Нідэрландаў дапамагаюць ельскім школьнікам зразумець асновы валанцёрства, атрымаць практычныя навыкі па ўзаемадзеянні з людзьмі з інваліднасцю.

Паступова назапашваўся вопыт. Калектывы дзіцячых садкоў і школ раёна з задавальненнем пачалі ўдзельнічаць ва ўпрыгожванні музычнай залы, груп, класаў цэнтра, у афарм­ленні запрашальных білетаў на святы, дапамагаць у афармленні кветнікаў на тэрыторыі ЦКРНіР, у падборы і стварэнні дыдактычных матэрыялаў, рабіць падарункі сваімі рукамі.

Зараз развіццё валанцёрскага руху ў ЦКРНіР знаходзіцца на той ступені, калі дзеці і педагогі школ і дзіцячых садкоў самі пачынаюць прапаноўваць праекты, планаваць мерапрыемствы, якія неабходна правесці сёлета, усё часцей просяцца ў госці ў цэнтр. Так, на працягу апошніх 3—4 гадоў сапраўднымі сябрамі ЦКРНіР сталі валанцёрскі атрад Ельскай раённай гімназіі, калектывы дзіцячых садкоў № 1 і № 2 Ельска, Ельскай дапаможнай школы-інтэрната, Зашырскай сярэдняй школы Ельскага раёна, школы Nordic з Нідэрландаў.

Ідзе час, мяняюцца дзіцячыя і педагагічныя калектывы ўстаноў адукацыі, а наша сяброўства жыве і мацнее. Выхаванцы ЦКРНіР з задавальненнем чакаюць сваіх сяброў, дзякуючы якім жыццё і навакольны свет напаўняюцца новымі фарбамі і гукамі. Шматгадовая праца ў гэтым напрамку дала свой плён. Спецыялісты цэнтра перакананы, што чалавек, які ўдзельнічае ў валанцёрскім руху, не толькі навучыцца дапамагаць людзям, але і будзе думаць па-іншаму, будзе валодаць элементарнымі асновамі інклюзіўнага мыслення і культуры. Значыць, ёсць надзея, што свет, у якім будуць жыць нашы дзеці, стане больш спагадлівым і добразычлівым.

Ганна ВАСЬКОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара Ельскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.