×

Восеньскія забавы гімназістаў

13.11.2019 14:44,

Восеньскія канікулы першыя ў навучальным годзе? І, нягледзячы на тое, што пасля лета дзеці яшчэ поўныя сіл і энергіі, яны ўсё роўна чакаюць гэты тыдзень адпачынку з вялікім нецярпеннем. 

Весела, цікава і пазнавальна прайшлі восеньскія канікулы ў навучэнцаў гімназіі Брагіна. Для іх былі прапанаваны самыя разнастайныя мерапрыемствы: экскурсія ў Гомельскі ліцэй МНС, віктарыны, акцыі, свята “Міс Восень”, розныя рухомыя і спартыўныя гульні, конкурсы, а таксама гурткі і секцыі.

У першы дзень канікул быў праведзены раённы інтэрактыўны матэматычны конкурс “Эрудыт”, дзе ініцыятарам выступае гімназія. Удзельнікі ўсяго раёна чацвёрты год сустракаюцца і выконваюць матэматычныя заданні, якія дапамагаюць ім пры напісанні ЦТ. 

Увечары ўсіх дзяцей сабраў гімназічны конкурс на самую чароўную “Міс Восень”. Дзяўчынкі з 5—9 класаў змагаліся ва ўменні прадставіць сябе, восеньскі ўбор, маляваць з завязанымі вачыма. Ну, а строгае журы выбірала самую разумную, прыгожую, знаходлівую. Ёю стала навучэнка 6 класа Вераніка Даўжанок.

Падчас гульнявой праграмы “Восеньскія вячоркі” дзяці вучыліся распазнаваць навакольны свет, бачыць яго чароўныя восеньскія фарбы. Школьнікі ўспаміналі песні і казкі на восеньскую тэму, адгадвалі дрэвы па апалым лістку, сапернічалі ў шпаркасці і ўменні стварыць восеньскі выраб. 

Інтэлектуальная гульня для навучэнцаў “Што? Дзе? Калі?” сабрала самых разумных. Гаспадыняй свята была Мудрая Сава. Прымалі ўдзел дзве каманда “Знаўцы” і “Разумнікі і разумніцы”. Спаборніцкі дух і адчуванне свята захапілі дзяцей з першага раўнда. Дзеці з вялікай цікавасцю пад музыку круцілі ваўчок і з заміраннем сэрца глядзелі на сектар, куды пакажа стрэлачка. Мудрая Сава прыдумала займальныя пытанні. Хлопцы і дзяўчаты адгадвалі загадкі, адказвалі на пытанні па рускай мове, матэматыцы, спрабавалі разгадаць шарады, галаваломкі, крыжаванкі. Але больш за ўсё ім спадабаліся пытанні з чорнай скрыні. 

На спартыўных спаборніцтвах “Вясёлыя старты” і “Восеньскі марафон” дзеці атрымалі вялікі зарад энергіі і мора станоўчых эмоцый.

Але самым вясёлым і займальным было наведванне батутнай арэны Neoland у Гомелі. Скачкі на батутах, ныранне ў сухі басейн выклікала ў дзяцей захапленне, а станоўчымі эмоцыямі яны дзяліліся па дарозе да самага дома. 

Задаволенымі засталіся і самі дзеці, і іх бацькі. Добра, калі дзеці знаходзяцца пад увагай дарослых, калі з імі займаюцца — тады ў іх не з’яўляецца спакусы зрабіць нешта нядобрае.


Вольга ГАРДЗЕЕНКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі Брагіна.