×

Вучымся жыць бяспечна

10.06.2019 14:36,

У Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 Жлобіна пытанням бяспекі жыццядзейнасці выхаванцаў удзяляецца асаблівая ўвага. У адукацыйным працэсе педагогі выкарыстоўваюць розныя формы работы, укараняюць новыя падыходы, ёсць ужо і традыцыі, якія пацвердзілі сваю выніковасць.

Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу актыўна выкарыстоўваем магчымасці інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Нашы выхаванцы рэгулярна праглядаюць новыя выпускі мультыплікацыйных фільмаў “Чароўная кніга МНС”, знаёмяцца з прафесіяй ратавальнікаў праз прагляд пазнавальных фільмаў. Педагогамі цэнтра створаны інтэрактыўныя мультымедыйныя дапаможнікі на тэму бяспекі жыццядзейнасці “Знайдзі небяспечныя прадметы”, “Падрыхтуй ратавальніка”, “Можна — нельга”, “Чаму вучыць казка” і інш., якія выкарыстоўваюцца ў ходзе заняткаў.

У цэнтры праводзяцца тэматычныя дні бяспекі, якія ўяўляюць комплекс розных мерапрыемстваў. Супрацоўнічаем з раённым аддзелам МНС. У практыцы работы — правядзенне сумесных заняткаў, тэматычных забаў. Удзел супрацоўнікаў РАНС спрыяе павышэнню значнасці для выхаванцаў адукацыйнага матэрыялу, павелічэнню сілы эмацыянальнага ўздзеяння мерапрыемст­ваў. 

Улічваючы, што дзейнасць працякае больш паспяхова, дае якасныя вынікі, калі ў дзіцяці маюцца моцныя, яркія і глыбокія эмацыянальныя ўражанні, выкарыстоўваем таксама патэнцыял тэатралізаванай дзейнасці. З выхаванцамі падрыхтавалі тэатралізаваныя паказы “Як тры парасючкі маглі трапіць у бяду”, “Незвычайныя прыгоды Калабка”, мюзікл-казку “Кошчын дом”. Дзеці ў сваіх паказах прадэман­стравалі аднагодкам, да чаго прыводзіць невыкананне правіл бяспекі, далі ўзор правільных паводзін у змадэляваных гульнявых сітуацыях.

З выхаванцамі старэйшага дашкольнага ўзросту практыкуем такую форму работы, як “Патруль бяспекі” (своеасаблівае дзяжурства дзяцей, у абавязкі якіх уваходзіць неабход­насць сачыць за выкананнем дзецьмі групы правіл бяспекі, пры неабходнасці нагадваць і тлумачыць аднагодкам гэтыя правілы).

Выхаванцы цэнтра спрабуюць свае сілы ў стварэнні тэматычных часопісаў, газет. Дзеці разам з педагогамі і бацькамі адбіраюць пазнавальны і ілюстрацыйны матэрыял. Ужо аформ­лены і выдадзены часопісы,  газеты на тэмы “Бяспечнае лета”, “Аб ратавальніках”, “Бяспечны дом”. Яны перадаюцца з групы ў групу, артыкулы чытаюцца і абмяркоўваюцца з дзецьмі, разглядаюцца ілюстрацыі.

Рэалізоўваем тэматычныя адукацыйныя праекты па фарміраванні ў выхаванцаў асноў бяспекі жыццядзейнасці, напрыклад, “Правілы дарожныя дзецям трэба ведаць”, “Чым пажар тушыць — лягчэй яго прадухіліць”, “Адзін дома”. У рамках праектаў праведзена работа з выхаванцамі па пашырэнні, узбагачэнні іх уяўленняў па тэме, мерапрыемствы па фарміраванні навыкаў бяспечных паводзін.

Прадэманстраваць свае дасягненні ў засваенні правіл бяспечных паводзін дзеці маюць магчымасць падчас гульняў-віктарын “Знаўцы бяспекі”, якія традыцыйна праводзяцца ў красавіку сярод выхаванцаў старшых груп. Сцэнарый гульні прадугледжвае актыўны ўдзел дзяцей, выкананне заданняў па ўсіх напрамках работы фарміравання культуры бяспекі. Дынамічнасці мерапрыемства спрыяе чаргаванне характару заданняў, уключэнне музычных заставак, конкурсаў на дэманстрацыю дзецьмі такіх якасцей, як спрыт, увага, трапнасць.

Для дзяцей сярэдніх груп распрацаваны сцэнарый гульні-падарожжа “У краіне дарожнага руху” з уключэннем інтэрактыўных мультымедыйных дапаможнікаў, музычна-дыдактычных гульняў, выяўленчай дзейнасці, мадэляваннем сітуацый. Дзеці не толькі ўсведамляюць значэнне выканання правіл бяспечных паводзін, але і замацоўваюць навыкі такіх паводзін. Вынікам правядзення гульні сталі кнігі-самаробкі “У краіне дарожнага руху”, створаныя з малюнкаў дзяцей.   

Вырашаючы праблему фарміравання навыкаў бяспекі, наладзілі ўзаемадзеянне з бацькамі выхаванцаў. Менавіта аб’яднанне двух аспектаў паводзін дзяцей — умоўнага і рэальнага — дапамагло дасягнуць добрых вынікаў у галіне фарміравання культуры бяспекі. Для прыцягнення ўвагі, дэманстрацыі наяўнага патэнцыялу дзяцей бацькі запрашаліся на адкрытыя прагляды заняткаў. Уручаліся тэматычныя флаеры, якія змяшчалі рэкамендацыйную інфармацыю. У інфармацыйным кутку для бацькоў размешчаны кансультацыі, вызначаны аб’ём уяўленняў, даступны для разумення дзецьмі дашкольнага ўзросту.

Практыкуем арганізацыю баць­­коўскіх сходаў з удзелам су­працоўнікаў РАНС,  прагляд сацы­яль­­­ных ролікаў на тэму за­­ха­ван­ня бяс­пекі дзяцей, правя­дзенне практыку­маў з бацькамі па выкарыстанні ды­дактычных гульняў, матэрыялу казак у дзейнасці па фарміра­ванні ў дзяцей уяўленняў аб правілах бяспекі.

Кажуць, што тое, да нараджэння чаго дакрануўся, становіцца зразумелым і значным. Улічваючы гэтую пазіцыю, арганізавалі ўдзел баць­коў выхаванцаў у стварэнні кніг для дзяцей сваімі ­рукамі на тэму “Чароўная кніга правіл бяспекі”. Выраб такіх кніг сумесна з дзіцем спрыяў павышэнню цікавасці да тэмы, устойліваму засваенню пазнавальнага зместу кнігі. Пры стварэнні і афармленні кніг былі выкарыстаны разнастайныя матэрыялы і падыходы. Зместам сталі вершы, загадкі, апавяданні, казкі, складзеныя ­бацькамі сумесна з дзецьмі, яркія ілюстрацыі. Кнігі ўключалі таксама мабільныя элементы, гульнявыя заданні, якія спрыялі засваенню дзецьмі правіл бяспекі.

Вядзецца пастаянная работа па абнаўленні прадметна-гульнявога асяроддзя груп, аснашчэнні куткоў бяспекі. Педагогамі ствараюцца дыдактычныя гульні, гульнявыя атрыбуты, тэматычныя лэпбукі.

Пра эфектыўнасць работы ўстановы ў напрамку рэалізацыі задач фарміравання культуры бяспекі выхаванцаў сведчаць штогадовыя вынікі ўдзелу ў фестывалі “Бяспечнае дзяцін­ства”. Педагогі неаднаразова станавіліся пераможцамі намінацый раённага этапу фестывалю. Па выніках конкурсу лепшымі прызнаваліся дыдактычныя гульні, створаныя педагогамі ўстановы, метадычныя распрацоўкі заняткаў, прэзентацыі прадметна-гульнявога асяроддзя куткоў бяспекі.

Алеся НЕКРАШЭВІЧ,
выхавальнік-метадыст Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Жлобіна.