×

Выхаванне культуры бяспечных паводзін на дарозе

21.09.2019 11:55,

Малодшыя школьнікі, асабліва першакласнікі, з’яўляюцца самымі маленькімі з самастойных удзельнікаў дарожнага руху. Ужо восень, і пакуль першае лісце засцілае зямлю рознакаляровым дываном, маленькія дзіцячыя ножкі робяць першыя самастойныя крокі ў дарослае жыццё. Але як зрабіць шлях дзіцяці з дому да школы бяспечным? Пытанне складанае, але адказ знаходзіцца на паверхні: вучняў трэба навучыць паводзіць сябе правільна на дарозе! Школа працуе ў гэтым кірунку няспынна.

Маленькія вучні па школьнай праграме праходзяць правілы дарожнага руху: пераход праз праезную частку, асноўныя дарожныя знакі, сігналы святлафора. Але вывучэнне правіл дарожнага руху павінна адбывацца не толькі на ўроках. Пазакласныя мерапрыемствы, гутаркі, хвілінкі бяспекі і многія іншыя формы пазакласнай работы сталі навіной для малодшых школьнікаў. У дзіцячым садку і дома дзецям гаварылі, што ў школе вучняў чакаюць урокі і перапынкі, а тут для іх падрыхтавана яшчэ шмат цікавасцей!

Напрыклад, у  Старасельскім яслях-садзе — сярэдняй школе Рагачоўскага раёна ў 1 клас у гэтым годзе прыйшлі 10 чалавек, з якімі можна рэалізаваць шмат цікавых ідэй і методык. Вучні дапытлівыя і вельмі цікаўныя. Раскажу аб класнай гадзіне, якую мне ўдалося правесці ў самым пачатку навучання, калі вучні яшчэ адаптуюцца да новых умоў. Класная гадзіна мела назву “Не жартуй на дарозе!”. Мае першакласнікі адрозніваюцца павышанай актыўнасцю, і для іх, як для любых маленькіх дзяцей, патрэбна рэгулярная змена відаў дзейнасці. Такія ўваходныя даныя і сталі штуршком для напісання сцэнарыя мерапрыемства. Класная гадзіна пачалася з верша, які вучні вывучылі дома разам з бацькамі, але кожнаму школьніку дасталіся па 2—4 радкі.

Далей для вучняў было падрыхтавана заданне ў парах: кожная пара атрымала дарожны знак, пра які трэба было расказаць як мага падрабязней. Дзеці даволі хутка выканалі заданне. Дзянісу і Софіі выпаў знак “Пешаходны пераход”, яны з лёгкасцю нагадалі вучням пра правілы пераходу праезнай часткі. Арсеній і Аліна расказалі пра знак “Абмежаванне максімальнай хуткасці”, такія знакі дзеці часта бачылі, калі з бацькамі ездзілі на аўтамабілі. Знак “Прыпыначны пункт аўтобуса” дастаўся Кіры і Паліне, якія расказалі не толькі пра знак, але і нагадалі сябрам аб правілах паводзін у транспарце. Косця і Даша расказалі пра знак “Падземны пешаходны пераход”, але ў нашай вёсцы і нават у нашым горадзе няма такіх пераходаў, таму першакласнікі крышачку збянтэжыліся, але хутка працягнулі.

А вось знак “Тэлефон” вельмі спадабаўся вучням. Яны змаглі назваць шмат сітуацый на дарозе, калі ім магла спатрэбіцца дапамога і трэба было патэлефанаваць знаёмым або ў “хуткую медыцынскую дапамогу”. На наступным этапе, фізкультхвілінцы, вучням спатрэбіўся вывучаны раней верш, які яны ўсе разам паказалі сваімі рукамі і нагамі: хадзілі і стаялі, тупалі і скакалі, нават уважліва глядзелі на святлафор. Дзеці самі здагадваліся, што трэба было паказаць пад адпаведны радок. Замацаваннем тэмы стала работа з малюнкамі, дзе вучні самастойна павінны былі адшукаць лішнія сярод існуючых дарожных знакаў, закрэсліць тыя, якія прыдумала настаўніца. У канцы класнай гадзіны першакласнікі замацавалі атрыманыя веды яшчэ і на школьнай пляцоўцы, дзе створаны пешаходныя пераходы і ёсць сапраўдны востраў бяспекі. Вучні засталіся задаволены сваёй працай, а яшчэ кожны з іх атрымаў маленькі падарунак на памяць аб такім цікавым моманце.

Вольга КАВАЛЁВА,
настаўніца пачатковых класаў Старасельскага ясляў-сада — сярэдняй школы Рагачоўскага раёна.