×

Выявіць і навучыць вымавіць

19.03.2020 15:49,

Паспяховасць своечасовага папярэджання і пераадолення недахопаў псіхафізічнага развіцця дзяцей, безумоўна, залежыць у першую чаргу ад таго, наколькі своечасова будзе аказана кампетэнтная дапамога. У Залескім яслях-садзе – сярэдняй школе Чачэрскага раёна настаўнікі-дэфектолагі пачынаюць з ранняга выяўлення дзяцей, якім патрабна карэкцыйнае навучанне.

Выкарыстоўваюцца педагагічныя метады, прыёмы і сродкі, якія ўлічваюць індывідуальныя асаблівасці ўспрымання інфармацыі і засваення праграмнага матэрыялу. Педагогі структурыруюць яго змест з мэтай сістэмнага засваення.

Вялікую частку навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў трох групах дашкольнай установы складаюць дзеці з парушэннямі маўлення. Сваю работу з імі настаўнікі-дэфектолагі накіроўваюць на выпраўленне маўленчых і спадарожных ім парушэнняў. Вядома ж: няпоўная іх карэкцыя у дашкольным узросце прывядзе да ўстойлівых парушэнняў напісання і чытання ў будучыні, што створыць цяжкасці ў вучобе.

На пачатковым этапе настаўнік-дэфектолаг Анжэла Шыцікава выкарыстоўвае метады з мінімальным уключэннем кампанентаў славесных прыёмаў. Яна актыўна ўжывае тыя гульнявыя мадэлі, наглядныя сродкі, якія добра знаёмыя навучэнцам. Аднак пры іх выкарыстанні яна паступова ўводзіць сітуацыі маўленчых зносін, пры якіх дзеці самі імкнуцца да вымаўлення тых складоў, слоў, канструкцый, якія ім цяжкія.

Адначасова з работай над гукавымаўленнем вядзецца развіццё ўвагі, успрымання, каб выхаванцы з парушэннямі гаворкі змаглі разгледзець дыдактычны матэрыял. На занятках настаўнік-дэфектолаг выкарыстоўвае не больш за 1–2 аб'екты, аддае перавагу буйным і маляўнічым прадметам. Перш чым выкарыстоўваць ілюстрацыі ў якасці нагляднага сродку, Анжэла Мікалаеўна вучыць дзяцей успрымаць малюнак, суадносіць яго з рэальнымі прадметамі, дзеяннямі, сітуацыямі.

Пры такім працэсе актыўна выкарыстоўваюцца інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі, якія захапляюць дзяцей дашкольнага ўзросту і даюць магчымасць ім быць больш упэўненымі ў сваіх дзеяннях. Ім прапануецца выступіць у ролі таго ці іншага героя мультфільма, вымавіць гукі, якія яны толькі пачулі і ўбачылі на экране, а таксама выканаць маўленчыя дзеянні.

Пры выкарыстанні падчас навучання рухомых выяў трэба быць упэўненым, што дзеці з парушэннямі гаворкі паспяваюць сачыць за перасоўваннем аб'ектаў, за ходам падзей. На пазнейшых этапах работы з дзецьмі настаўнікі-дэфектолагі ўжываюць розныя гульнявыя практыкаванні, трэніравальныя заданні, а таксама сумесныя дзеянні, дзеянні спалучаныя, па перайманні, па ўзоры і, нарэшце, па славеснай інструкцыі.

Дзеці асабліва адклікаюцца і ўключаюцца ў работу пры выкарыстанні на занятках сітуацый рэальных зносін, арганізацыі актыўнай творчай дзейнасці, якая дае магчымасць выявіць сябе не толькі ў маўленчай дзейнасці, але і ў акцёрскай, мастацкай, канструктарскай ці спартыўнай. Істотную ролю ў выніковасці навучання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця адыгрываюць правільна абраныя сродкі нагляднасці, якія падбіраюцца ў адпаведнасці з узростам, зонай актуальнага развіцця дзіцяці, праграмнымі патрабаваннямі навучання і выхавання.

На пачатковых этапах карэкцыйна-педагагічнай работы педагогі выкарыстоўваюць рэальныя прадметы, цацкі, макеты, муляжы, якія ўзяты з паўсядзённага жыцця. На пазнейшых этапах – ілюстрацыі, схемы, мадэлі, відэастужкі. Такія метадычныя прыёмы дапамагаюць разнастаіць дзейнасць дзяцей з парушэннямі гаворкі, зрабіць працэс перадачы таго ці іншага досведу больш эфектыўным і дзейсным.

Зоя ПАЎЛАВА,
намеснік дырэктара па навучальнай
рабоце Залескага яслі-сада – сярэдняй школы Чачэрскага раёна.