×

Яхты і караблі на гомельскім возеры

02.07.2019 11:35,

Захопленыя тэхнічнай творчасцю школьнікі з усёй краіны сабраліся ў Гомелі на спаборніцтвах па суднамадэльным спорце, якія праходзілі ў рамках XVII Рэспубліканскай спартакіяды навучэнцаў па тэхнічных відах спорту “ТэхнаСпорт”.

Усяго налічвалася больш як 60 удзельнікаў, якія выступалі ў камандным і асабістым заліку. Яны былі падзелены на 8 каманд (па 6 чалавек у кожнай) і спаборнічалі ў 6 дысцыплінах. У праграму ўвайшлі стэндавая ацэнка, гонкі, водны футбол у фармаце 3х3.

Месцам для правядзення за­ездаў і для спуску на ваду радыёкіруемых копій ваенных караблёў, грамадзянскіх суднаў, яхт і гоначных хуткасных мадэлей быў абраны любенскі пляж.

Тут было на што паглядзець, можна было падзівіцца ўменню і вытрымцы юных тэхнікаў. А ўседлі­васць у гэтай справе — аснова асноў. Каб сабраць мадэль да старту, трэба патраціць ад 6 да 18 месяцаў. І калі гоначную мадэль стварыць не так складана, то мадэляваць копію рэальнага карабля — справа скрупулёзная. Здзі­віла, што суднамадэлізмам цікавяцца таксама дзяўчынкі. Іх работы даволі якасныя.

Прага перамогі і магчымасц­ь атрымаць званне майстра спорту, жаданне пабіць чыйсьці ці асабісты рэкорд — нялёгкае выпрабаванне для тэхнікаў.  Тым не менш трохдзённае спаборніцтва прынесла не толькі шмат хваляванняў, але і мноства станоўчых эмоцый.

У камандным заліку 3-е месца заняла зборная Брэсцкай вобласці, 2-е месца — у каманды Мінскай вобласці. Пераможцам стаў Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.

Камандзе Гомельскай вобласці пакуль не ўдаецца дасягнуць пераможных месцаў, аднак у асабістым заліку ў гамяльчан ёсць два медалі: 3-е месца — у Аляксея Кражэўскага (катэгорыя “Ф2-А”) і 2-е — у Дзмітрыя Чысцякова (“Ф2-В”).

Сёння суднамадэлізм страчвае сваю папулярнасць, і згаданыя спаборніцтвы — добрая магчымасц­ь развіваць гэты кірунак, прыцягваць дзяцей да справы, даць шанс праявіць сябе тым, хто захапляецца такім відам тэхнічнай творчасці.

У Гомельскай вобласці суднамадэлізм як від дадатковай адукацыі развіваецца ў абласным цэнтры, а таксама ў Мазыры і Калінкавічах. Будзем спадзявацца, што перамога нашай каманды — наперадзе.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара і з архіва Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі.