×

Як дапамагчы ў выбары прафесіі

06.07.2019 14:50,

Кім стаць? Гэтае пытанне задаваў, задае і будзе задаваць літаральна кожны вучань школы без выключэння. У Чалюшчавіцкай сярэдняй школе Петрыкаўскага раёна арганізаваны рэсурсны цэнтр па працоўным і прафесійным выхаванні “Мой выбар”, работа якога арганічна ўпісваецца ў сістэму адукацыйнай дзейнасці школы і адлюстроўваецца ў комплексе школьных і пазашкольных мерапрыемстваў.

Штогод у школе право­дзіцца Тыдзень прафарыентацыі і працоўнага выхавання, у рамках якога самымі цікавымі з’яўляюцца прафарыентацыйныя сустрэчы “Прафесіі маіх бацькоў”.

З мэтай працоўнага і па­трыятычнага выхавання прахо­дзяць акцыі “Чысты лес”, “Кніжчына бальнічка”, “Абеліск”, “Апошні ліст”, “Ветэран жыве побач”, “Квітнеючая клумба” і інш.

Класнымі кіраўнікамі 1—11 класаў арганізоўваюцца і праводзяцца  экскурсіі прафарыентацыйнай накіраванасці ў арганізацыі і на прадпрыемствы, якія знаходзяцца на тэрыторыі аграгарадка. Так, навучэнцы наведалі Капаткевіцкае лясніцтва, сельскі выканаўчы камітэт, паштовае аддзяленне сувязі, пункт бытавога абслугоўвання, фельчарска-акушэрскі пункт, Дом народнай творчасці. Для хлопцаў і дзяўчат праводзілі экскурсіі спецыялісты, якія расказвалі пра ўмовы, змест той ці іншай прафесійнай дзейнасці і патрабаванні да яе, расказвалі пра перспектывы працаўладкавання ў нашым населеным пунк­це і раёне.

У гэтым навучальным годзе прайшла прафарыентацыйная сустрэча вучняў з выпускнікамі нашай школы Алегам Арцюхом, студэнтам Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, і Лізаветай Шпалак, студэнткай Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Нельга не адзначыць, што вучні чалюшчавіцкай школы — удзельнікі і пераможцы розных конкурсаў, арганізаваных установамі сярэдняй спецыяльнай  і вышэйшай адукацыі.

Пад кіраўніцтвам педагога-псіхолага Аліны Мазай навучэнцы Дзмітрый Козінец, Яніна Кунічык і Аляксей Мазай прынялі ўдзел у VI алімпіядзе сярод студэнтаў і школьнікаў па асновах псіхалогіі і педагогікі “Асоба і штучны інтэлект”, якую праводзіў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. На цырымоніі ўзнагароджання школьнікаў павіншавалі з 2-м камандным месцам у крэатыўным этапе алімпіяды. Акрамя таго, нашы вучні ўзнагароджаны дыпломам за арыгінальную назву каманды — NEXTGEN, а Яніна адзначана дыпломам “Арыгінальная прапіска”. Аліна Мікалаеўна як кіраўнік каманды атрымала дыплом за якасную падрыхтоўку вучняў да алімпіяды.

У Інстытуце бізнесу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта праводзіўся III Рэспубліканскі конкурс творчых работ навучэнцаў сярэдніх і сярэдніх спецыяльных устаноў “Я выбіраю прафесію”. Работа вучня 11 класа Дзмітрыя Козінца адзначана дыпломам III ступені ў кірунку “Я выбіраю прафесію менеджара”.

Кафедрай “Маркетынг” Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога была арганізавана алімпіяда па маркетынгу. Пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Таццяны Ішанязавай адзінаццацікласніца Яніна Кунічык прыняла ўдзел у гэтым інтэлектуальным спаборніцтве і была ўзнагароджана дыпломам II ступені. Яшчэ адна вучаніца 11 класа, Настасся Козінец, пад кіраўніцтвам Таццяны Алегаўны прыняла ўдзел у эканамічнай інтэрнэт-віктарыне, што право­дзілася філіялам Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта “Мінскі фінансава-эканамічны каледж”, і таксама ўзнагароджана дыпломам.

Пад кіраўніцтвам настаўніка матэматыкі Валянціны Жукоўскай вучаніца 6 класа Алеся Мазай праходзіць навучанне ў вочна-завочнай форме ў цэнтры прафарыентацыйнай работы пры Беларускім дзяржаўным універсітэце. Як вынік — у другім этапе рэспубліканскай алімпіяды дзяўчынка атрымала дыплом II ступені па матэматыцы.

Навучэнцы чалюшчавіцкай школы прынялі ўдзе­л ва ўніверсітэцкай субоце Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна. Падчас сустрэчы дзеці азнаёміліся з тэхнолага-біялагічным факультэтам установы, сустрэліся з яго дэканам, прайшліся па вучэбных аўдыторыях, зазірнулі ў лабараторыю па правядзенні доследаў, наведалі майстар-клас.

На працягу года праходзяць сустрэчы вучняў школы з прадстаўнікамі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Калінкавіцкага дзяржаўнага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя, Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Нашы выпускнікі — студэнты такіх прэстыжных вышэйшых навучальных устаноў краіны, як Палескі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт, Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна,  Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны.

Ала ЖУКОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Чалюшчавіцкай сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна.