×

Як правільна харчавацца?

10.03.2020 11:28,

На базе санаторнага ясляў-сада Брагіна прайшла практычная частка семінара-практыкуму, арганізаванага Гомельскім абласным інстытутам развіцця адукацыі.

Адна з галоўных задач кожнай установы адукацыі — стварэнне ўмоў для захавання здароўя дзіцяці. Важна сфарміраваць у выхаванцаў паняцце правільнага харчавання. Апошнім часам у дашкольныя ўстановы паступаюць дзеці, якія няправільна ставяцца да ежы. У адных ёсць звычка ўжываць аднастайную ежу (напрыклад, сасіскі ці макароны), у іншых — толькі любімыя стравы.

Загадчык санаторнага ясляў-сада Людміла Гурын падзялілася адным з метадаў, які прымяняюць выхавальнікі Наталля Карпенка, Алеся Корхава і інш. Падчас прыёму ежы дзецям вывешваюць карцінкі з прадуктамі, напрыклад, з агароднінай, садавіной і іншымі інгрэдыентамі, якія ўваходзяць у склад асобных страў, і расказваюць пра іх значнасць.

Выхаваць у дзяцей звычку есці разнастайную ежу — справа даволі складаная, але выканальная. З мэтай абмену вопытам работы выхавальнікаў у гэтым кірунку ва ўстанове арганізавалі выставу-прэзентацыю дыдактычных гульняў і дапаможнікаў.

Так, кніжка-малышка для дзяцей “Малако” ў выглядзе імправізаванай бутэлькі малака на кожнай старонцы ўтрымлівае карцінку з малочнымі прадуктамі (вопыт работы Кацярыны Пацега). Кніжка ў выглядзе зуба дае парады пра карысныя для зубоў прадукты (вопыт работы Наталлі Брэгід), а ў кніжцы “Кашка” на старонках замацаваны празрыстыя пакецікі з рознымі відамі круп (вопыт работы Наталлі Раманюк). Не засталіся без увагі работы бацькоў, якія яны выканалі сумесна з дзецьмі (сям’я Настассі Нікіцінай, Марка Гаршкова). Разнастаілі выставу плакаты і малюнкі пра карысныя прадукты, якія выкарыстоўваюць у сваёй рабоце выхавальнікі Наталля Анісавец, Вікторыя Крукава, Алеся Корхава, Дзіна Тушынская.

Прадстаўнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі наведалі харчаблок, дзе Людміла Гурын прадставіла прысутным памяшканне пасля бягучага рамонту. Яна адзначыла прафесіяналізм калектыву харчаблока, які ўзначальвае Алена Стаднікава.

Алена АСКЕРКА,
намеснік загадчыка санаторнага ясляў-сада Брагіна.