×

Як узнікае жаданне чытаць

02.11.2019 15:03,

Мы, сучасныя настаўнікі і бацькі, пераважна з’яўляемся прадуктам савецкай сістэмы адукацыі, дзе кніга была не толькі асноўным сродкам атрымання інфармацыі, але і магчымай крыніцай задавальнення, лепшым варыянтам адпачынку ў вольны час. Таму нам цяжка зразумець сённяшніх школьнікаў, якіх не так лёгка далучыць да кнігі. Але зацікавіць нашых дзяцей чытаннем трэба, бо мы разумеем, што кніга — лепшы памочнік у развіцці паўнацэннай асобы. 

Я часта сустракаю дзяцей, якія не любяць чытаць. А вось школьнікаў, якія не любяць майстраваць, маляваць, танцаваць ці спяваць, уявіць сабе цяжка. І я, разумеючы, што імкненне дзяцей да творчага самавыяўлення можна выкарыстоўваць для развіцця цягі да чытання, стала ўсё часцей прыцягваць сваіх выхаванцаў да ўдзелу ў розных літаратурных конкурсах.

У нашай школе штогод вясной праходзіць літаратурны конкурс чытальнікаў “Восьмая паэтычная”. Да гэтага мерапрыемства ўсе класы школы рыхтуюцца сур’ёзна і загадзя. Вучні пачатковых класаў кожны вучэбны дзень пачынаюць з чытання вершаў на памяць ля дошкі. Дзеці самі ці з дапамогай настаўніка выбіраюць аўтара і твор для завучвання. Падбіраючы верш, чытальнік прагназуе рэакцыю слухачоў на яго чытанне. Так, часта дзеці аддаюць перавагу гумарыстычным вершам сучасных пісьменнікаў, бо ведаюць, што простыя і зразумелыя радкі выклікаюць усмешкі аднакласнікаў і добры настрой. Часам вучні чытаюць вершы, якія напісалі самі. На заключны этап конкурсу збіраюцца лепшыя выканаўцы вершаў з усёй школы. Журы выбірае пераможцаў, якія атрымліваюць дыпломы і прызы. Галоўнай узнагародай для лепшых чытальнікаў стане іх удзел ва ўрачыстым канцэрце.

Паралельна з конкурсам “Восьмая паэтычная” таксама штогод праходзіць яшчэ адзін літаратурны конкурс паміж класамі — “Восьмая чытаючая”, у якім прымаюць удзел усе вучні пачатковай школы. Каб перамагчы ў гэтым конкурсе, трэба прачытаць як мага больш кніг, прыняць удзел ва ўсіх праектах, якія прапануюць школьныя і гарадскія бібліятэкі, самастойна арганізаваць класныя літаратурныя мерапрыемствы. Кожны клас сам вырашае, у якой форме весці падлік карыснага ўдзелу ў конкурсе. Гэта могуць быць чытацкія дзённікі, ксеракопіі бібліятэчных фармуляраў, плакаты-экраны дасягненняў, прэзентацыі і інш. У канцы навучальнага года класы падаюць журы інфармацыю аб праведзенай рабоце. Журы вызначае самыя чытаючыя класы. Яны і становяцца пераможцамі конкурсу.

Я заклікала сваіх вучняў пачынаючы ўжо з першага класа ўдзельнічаць у разнастайных літаратурных конкурсах. І трэба сказаць, што такая дзейнасць малодшым школьнікам падабаецца, яна спрыяе развіццю творчых здольнасцей, а галоўнае, фарміраванню цікавасці да чытання.

У мінулым навучальным годзе я вырашыла, што майму 4 класу, які на той момант меў немалую колькасць дыпломаў пераможцаў у школьных літаратурных конкурсах, трэба паспрабаваць свае сілы ў літаратурным спаборніцтве больш высокага ўзроўню.

Якраз у гэты час на Нацыянальным адукацыйным партале было размешчана запрашэнне прыняць удзел у ІІ Міжнародным сеткавым праекце “Чтение ProДвижение”, які быў накіраваны на развіццё чытацкай культуры праз фарміраванне матывацыі і ўстойлівай цікавасці да чытання. На маю прапанову паўдзельнічаць у конкурсе адразу адгукнуліся 8 вучняў з майго класа.

Конкурс праходзіў у два этапы. На першым, завочным, этапе мы 3 месяцы лета знаёміліся з творчасцю сучасных беларускіх пісьменнікаў, хадзілі ў гарадскую бібліятэку, сустракаліся для абмеркавання прачытанага, абменьваліся ўражаннямі. З прачытанага больш за ўсё дзецям спадабаліся творы Анатоля Бутэвіча і Уладзіміра Ягоўдзіка. У выніку ў канцы лета — пачатку восені вучні выканалі творчае заданне па прачытаных творах. Гэта было некалькі дзясяткаў малюнкаў і ілюстрацый, паштоўкі, водгукі, апавяданні, казкі. Я таксама прыняла ўдзел у праекце, напісаўшы ліст Міколу Шабовічу. Усе работы былі адпраўлены ў аргкамітэт конкурсу. Чакаць вынікаў нам прыйшлося нядоўга. Ужо ў сярэдзіне кастрычніка я атрымала ліст па электроннай пошце з віншаваннем з перамогай у конкурсе і запрашэннем у Мінск на вочны этап конкурсу.

Другі этап меў назву “ProС ЛО ВО” і праходзіў у фармаце творчай сустрэчы чытачоў з папулярнымі пісьменнікамі Беларусі. Сустрэча сімвалічна адбывалася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Удзельнікі сустрэчы абмяняліся чытацкім вопытам, абмеркавалі цікавыя кнігі, пашырылі ўяўленні аб сучаснай беларускай літаратуры. Аўтары кніг — пісьменнікі — удзельнікі мерапрыемства — выбралі самых актыўных чытачоў, спрачальнікаў і дарадчыкаў, якія праявілі сябе ў творчых работах. Таксама адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў. Кожны канкурсант атрымаў сертыфікат удзельніка. Мая выхаванка Арына Рудзянкова атрымала дыплом пераможцы ІІ Міжнароднага сеткавага праекта “ЧтениеPRoДвижение” і памятныя прызы.

У працэсе падрыхтоўкі да ўдзелу ў шматлікіх літаратурных конкурсах мае навучэнцы вымушаны былі шмат чытаць, шукаць патрэбную інфармацыю ў кнігах. Гэта фарміравала іх як актыўных і ўдумлівых чытачоў, якія здольны данесці змест прачытанага да іншых у творчай апрацоўцы. Мае вучні ўжо скончылі 4 клас, і мне вельмі прыемна, што яны перайшлі ў сярэднюю школу з жаданнем і ўстойлівай звычкай чытаць і дзяліцца прачытаным з іншымі.

Такім чынам, удзел у літаратурных конкурсах садзейнічае развіццю творчых здольнасцей навучэнцаў, робіць школьнае жыццё больш насычаным і цікавым, а галоўнае, з’яўляецца эфектыўным сродкам павышэння матывацыі малодшых школьнікаў да чытання.


Ала ГУРЫК,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 8 Гомеля.