×

Загадкі маёй радзімы

21.02.2019 10:25,

Міжнародны дзень роднай мовы — адмысловы час, асаблівы для кожнай нацыі, асобы, установы адукацыі. Лельчыцкая раённая гімназія штогод праводзіць прадметны тыдзень беларускай мовы, літаратуры і гісторыі напярэдадні і ў дзень гэтага свята. Цікавыя напрацоўкі дэманструюць настаўнікі гімназіі, творчыя здольнасці праяўляюць навучэнцы. А ўсе разам ствараюць сапраўднае свята роднай мовы і культуры. 

Сёлета ў Дзень роднай мовы для вучняў і настаўнікаў гімназіі быў праведзены QR-квэст “Загадкі маёй радзімы”, падрыхтаваны настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Ірынай Рыгораўнай Казачэнка.

Удзельнікі QR-квэсту на старце атрымалі маршрутныя лісты і разгадвалі філворды з зашыфраванымі назвамі абласных цэнтраў Беларусі. Гэта і вызначала напрамак іх падарожжа. На станцыі “Літаратурная” трэба было выбраць і прасканаваць заданне, вызначыць імя пісьменніка, ураджэнца пэўнага рэгіёна нашай краіны.

Далей падарожнікі спыняліся на станцыі “Архітэктурная”. Заданні ў выглядзе QR-кода былі змешчаны на карце падарожжа. QR-код удзельника — у той вобласці, якую выбралі на Старце. Умова: прасканаваць QR-код выбранага напрамку падарожжа (на карце размешчана спасылка на выяву вядомага помніка архітэктуры вобласці). Задача — пазнаць архітэктурны помнік рэгіёна.

Наступны пункт падарожжа — Горад майстроў. У QR-кодах былі зашыфраваны спасылкі на вырабы народных помыслаў Беларусі. Трэба назваць промысел па выяве і ўпісаць яго ў маршрутны ліст.

Спыняцца не варта: чакае Модны фальварак. На плакаце з выявамі нацыянальнага адзення беларусаў удзельнікі счытвалі QR-код пад пэўным нумарам і запісвалі адказ.

Ніводнае падарожжа не абыходзіцца без таямніц. У Засценку “Таямнічы” знаходзіліся 6 канвертаў — 6 таямніц. Адну з іх і павінен быў разгадаць удзельнік.

І як жа без творчасці? На фінальным этапе праходжання маршруту трэба было прыдумаць рэкламу для яго / пост для Інстаграма, які будзе прадстаўляць гэты маршрут.

Да падарожжа далучылася адміністрацыя гімназіі. Дырэктар і намеснікі паспяхова прайшлі маршрут, атрымалі новую інфармацыю з літаратурнай спадчыны краіны. Пра гэта сведчаць створаныя імі рэкламныя слоганы: “Падарожнічай! Вывучай Беларусь.BY!” “Падарожжа ў Магілёў# Аўтар верша Куляшоў# Святога Станіслава сабор”.

Запрашаем усіх далучыцца да вывучэння таямніц сваёй радзімы.


Ірына КАЗАЧЭНКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Лельчыцкай раённай гімназіі.