×

Захапленне для інтэлектуалаў

11.04.2019 15:20,

Самастойна стварыць робата, надаць яму пэўныя функцыі і нават знайсці рэальнае прымяненне разумнай машыне… Мара нашага пакалення для сучасных дзяцей — звычайнае захапленне, папулярнасць якога расце з кожным днём.

На Гомельшчыне прайшоў ІІІ адкрыты турнір па робататэхніцы ROBOQUEST, які сабраў больш за 190 інтэлектуалаў з Гомельскай і Брэсцкай абласцей ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў. ROBOQUEST — абласны этап рэспубліканскага конкурсу Hi-tech, пераможцам якога належыць прадстаўляць рэгіён на рэспубліканскім узроўні.

Варта адзначыць, што ў Гомельскай вобласці кірунак робататэхнікі вельмі добра развіты, у яго ўцягнуты больш як 650 дзяцей. Робатаў збіраюць і праграмуюць як старэйшыя школьнікі, так і зусім малыя хлопчыкі і дзяўчынкі. Назіраеш за імі і даешся дзіву: у іх яшчэ няма ўседлівасці і сабранасці, якая ўласціва больш дарослым, але, калі прабівае час пачынаць работу, яны, здаецца, забываюць пра ўсё навокал, у іх увазе толькі камп’ютар і канструктар, які праз час пераўтворыцца ў робата. Дарэчы, на сёлетнім сур’ёзным інтэлектуальным спаборніцтве палову канкурсантаў складалі менавіта малодшыя школьнікі.

Малыя (узроставая група 6—7 гадоў і 8—9 гадоў) спаборнічалі ў катэгорыі LEGO WeDo  ў намінацыі “Свет WeDo”. Прадстаўнікам узроставай групы 10—13 гадоў і 14—17 гадоў належала паказаць свае магчымасці ў катэгорыі LEGO EV3, куды ўваходзілі дзве намінацыі — “Дамашняе заданне” і “Робататэхнічная алімпіяда”.

Каманды невялікія, па два чалавекі, дзе адзін — канструктар, а другі займаецца праграмаваннем. У гэтым тандэме кожны разумее, наколькі важна справіцца з задачай і не падвесці свайго сябра, а значыць, акрамя лагічнага мыслення, развіцця прагрэсіўных навыкаў, дзеці і падлеткі вучацца працаваць у камандзе. Сёння робататэхніка для гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак — захапленне, але не выключана, што ў будучыні яно перарасце ў запатрабаваную прафесію.

Сярод удзельнікаў турніру — навучэнцы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі, агульнай сярэдняй адукацыі, наведвальнікі прыватных школ і клубаў. Адзначым, што арганізатар — Гомельскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі — быў першым на Гомельшчыне з дзяржаўных адукацыйных устаноў, хто адкрыў курсы па робататэхніцы. Гэты кірунак тут развіваюць ужо тры гады, і займацца ў гуртках жадаючых з кожных годам усё больш. Вялікая цікавасць да робататэхнікі пацвярджаецца і тым, што назірац­ь за канкурсантамі ROBOQUEST пры­ходзіць шмат мола­дзі і малых дзяцей з бацькамі. Сёлета на мерапрыемства завіталі цэлыя класы пачаткоўцаў, для якіх настаўнікі арганізавалі пазнавальную экскурсію. Дзеці былі не толькі гледачамі спаборніцтва, але і маглі пакіраваць робатамі, даведацца шмат цікавага пра канструктары і праграмаванне — у рамках турніру былі арганізаваны выставы ад вядучых кампаній, інавацыйных цэнтраў і іншых арганізацый, якія працуюць у сферы адукацыйнай робататэхнікі і інфармацыйных тэхналогій. Таксама працавала выстава робататэхнікі навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі “Інаватыка. Ад навучання — да вытворчасці”.

ROBOQUEST ставіць сваёй мэтай папулярызацыю робата­тэхнікі і прыцягненне да гэтага кірунку як мага больш навучэнцаў вобласці. Для дзяцей гэта магчымасць раскрыц­ь свае творчыя здольнасці, рэалізаваць навуковыя і пазнавальныя інтарэсы, а для кагосьці з іх конкурс становіцца стартавай пляцоўкай у будучыню.

Пераможцы спаборніцтва вызначыліся па выніках кожнай дысцыпліны, абсалютныя пераможцы — па суме вынікаў у абедзвюх дысцыплінах. Усе яны атрымалі ўзнагароды, а лепшым трэба будзе яшчэ вытрымаць саперніцтва з такімі ж моцнымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі на рэспубліканскім конкурсе.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.