×

Зялёная планета

01.08.2019 11:56,

Экалагічнае выхаванне — гэта, перш за ўсё, фарміраванне ў дзяцей станоўчых адносін да прыроды. З гэтай мэтай, у рамках праекта Зялёныя школы” ў Светлагорскім эколага-біялагічным цэнтры дзяцей і моладзі прайшоў фестываль экалагічных ініцыятыў. Гасцямі фестывалю сталі школьнікі горада.

Навучэнцы экалагічнага цэнтра падрыхтавалі для гасцей спектакль “Зялёная планета”. У цэнтры ўвагі — Зямля, якая “захварэла” паразітамі-людзьмі. Каб неяк дапамагчы, эколаг вырашае выхоўваць экалагічную культуру і прыродаахоўныя навыкі ў дзяцей з ранняга ўзросту. Лясныя жыхары яшчэ раз нагадалі асноўныя правілы знаходжання ў прыродзе.

Ярка і палымяна прайшоў танцавальны флэш-моб. Дзеці з вялікім энтузіязмам паўтаралі рухі і весяліліся ад душы.

Пасля прагляду спектакля навучэнцы са сваімі настаўнікамі падзяліліся на групы і, атрымаўшы маршрутныя лісты, пачалі падарожжа па станцыях.

Станцыя “Насякомыя” знаходзілася ў экалагічным аддзеле — некранутым чалавекам куточку жывой прыроды. Тут дзеці змаглі не толькі даведацца шмат новага, але і на свае вочы ўбачыць лятаючых паміж сцяблінак насякомых.

На станцыі “Экалагічная гульнятэка” навучэнцы паспаборнічалі ў спрыце ў гульні “Шышкабол” і паўдзельнічалі ў шахматным паядынку.

Як ператвараецца сонечная энергія ў электрычную можна было ўбачыць на станцыі “Сонечная пляцоўка”. Прынцып дзеяння сонечнай батарэі быў прадэманстраваны на падлучаным плэеры, лямпачцы і вальтметры.

Навучэнцы гуртка “Свет жывёл” сумесна з педагогам пазнаёмілі экскурсантаў з братамі нашымі меншымі на станцыі “Заасад”. Дзеці убачылі, пакармілі і патрымалі на руках дэкаратыўных трусоў, марскіх свінак, джунгарскіх і сірыйскіх хамячкоў, пацукоў дамба, слімакоў ахацін, перапёлак. Госці атрымалі каштоўную інфармацыю ад педагога пра арганізацыю “Аховы птушак Бацькаўшчыны”.

Даведацца пра карысць лекавых раслін, прадэгуставаць напоі з натуральных траў і ягад, дазнацца пра сакрэты прыгатавання карыснай гарбаты дзеці змаглі на станцыі “Экабар”.

На станцыі “Расліны” ўдзельнікі фестывалю пазнаёміліся з раслінамі свайго краю, даведаліся пра іх народныя назвы і карысныя ўласцівасці. Тут жа дзеці адгадвалі загадкі і гулялі ў гульню “Друдлы ў прыродзе”.

Акрамя станоўчых эмоцый госці фестывалю атрымалі экалагічныя памяткі, якія дапамогуць зэканоміць энергарэсурсы і жыць у гармоніі з прыродай.

Яўгенія ТУКАЧ,
метадыст Светлагорскага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.