×

18 цікавых сцяжынак для шукальнікаў прыгод

26.08.2019 10:33,

Лета — гэта своеасаблівы масток паміж канцом навучальнага года і пачаткам новага. У вучняў Гудагайскай сярэдняй школы Астравецкага раёна існуе выдатная магчымасць пераадолець гэты масток, адпачываючы ў прышкольным лагеры “Лясная казка”. 20 дзетак ва ўзросце 6—10 гадоў з карысцю для свайго здароўя правялі апошні летні месяц.

Назва змены “18 цікавых сцяжынак” гаворыць сама за сябе: дзеці перамяшчаліся па тэматычных сцяжынках, новы дзень — новая сцяжынка. Менавіта таму і назву атрада выхаванцы выбралі пэўную: “Шукальнікі прыгод”.

На працягу ўсяго адпачынку дзеці былі ўцягнуты ў калейдаскоп розных падзей. Увага надавалася не толькі прапагандзе культуры і здаровага ладу жыцця, але і вывучэнню правілаў дарожнага руху, пажарнай бяспекі. Праводзіліся акцыі “Лета на здароўе”, “Школа бяспечных паводзін”, “Жыццё без шкодных звычак”, а таксама гутаркі, накіраваныя на псіхалагічную падтрымку дзіцяці: “Я і свет вакол мяне”, “Мой настрой”; гульні на згуртаванне і праяўленне яркіх індывідуальных якасцей: “Снежны ком”, “Калейдаскоп імён”, “Адкрыем сэрцы адно аднаму” і інш.

Умацоўваць здароўе нельга без спорту, таму дзеці прымалі актыўны ўдзел у спартыўна-забаўляльных мерапрыемствах: “Вясёлыя старты”, “Аранжавы мяч”, “Падарожжа ў краіну здароўя”, “Чэмпіён”. Шмат станоўчых эмоцый прыносіла наведванне басейна, а штодзённыя ранішняя зарадка і танцавальныя размінкі на свежым паветры задавалі бадзёры настрой на цэлы дзень.

Які адпачынак без экскурсій? Конна-спартыўны комплекс у Ашмянскім раёне, наведванне РАНС Астраўца, знаёмства з архітэктурай касцёла Святой Троіцы ў вёсцы Гервяты надоўга застануцца ў памяці. А пасля паездкі ў воінскую часць 20/44 у вёсцы Гавуці Смаргонскага раёна, дзе была прадэманстравана трэніроўка сабак, выхаванцы прасілі паўтарыць экскурсію яшчэ раз.

Дзеці ярка праявілі сябе і ў творчасці: займаліся ў гуртку “Рукадзелле”, навучыліся ствараць незвычайныя вырабы з пластыліну, прысутнічалі на майстар-класах спецыялістаў цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Астраўца, удзельнічалі ў конкурсе чытальнікаў вершаў на роднай мове ў межах акцыі “Гавары са мной па-беларуску”.

Юлія КАРОБКА,
намеснік дырэктара лагера Гудагайскай сярэдняй школы Астравецкага раёна.