×

Інтэлектуальныя спаборніцтвы малодшых школьнікаў

08.02.2019 14:20,

У сярэдняй школе № 7 Смаргоні напярэдадні Дня беларускай навукі прайшлі інтэлектуальныя спаборніцтвы для малодшых школьнікаў. Для вучняў чацвёртых класаў былі арганізаваны алімпіяды па вучэбных прадметах “Матэматыка”, “Руская мова”, “Беларуская мова”.

Такія выпрабаванні ладзяцца штогод. Вучні загадзя рыхтуюцца, каб паказаць прадметныя веды, кемлівасць, уменне ў нестандартных абставінах знайсці спосаб прымянення набытых навыкаў, пераканацца ў неабходнасці шырокага кола жыццёвых ведаў.

Удзельнікам алімпіяд прапануецца растлумачыць фразеалагізмы, знайсці памылкі ў тэксце, правільна завяршыць прыказкі па прапанаваным пачатку, устанавіць сэнсавыя сувязі, перакласці словы і выразы на беларускую мову. Знаўцы беларускіх народных святаў змаглі суаднесці даўнейшыя і сучасныя назвы беларускіх месяцаў. Над асобнымі выпадкамі пастаноўкі націску ў рускіх і беларускіх словах вучні працягваюць разважаць нават дома разам з бацькамі. Пачынаючыя матэматыкі знаходзяць заканамернасці і выконваюць складаныя вылічэнні, робяць разлікі для руху па графіку, шукаюць нязвыклыя спосабы рашэння графічных заданняў, рашаюць лагічныя задачы, разгадваюць матэматычныя рэбусы.

Эстафету школьных алімпіяд для малодшых школьнікаў, якая пачала свой адлік з Дня беларускай навукі, падхопяць вучні трэціх класаў, для якіх інтэлектуальныя спаборніцтвы пройдуць у лютым. Вясной жа такія алімпіяды праводзяцца для вучняў другіх і першых класаў.

У школе склалася не толькі сістэма правядзення прадметных алімпіяд для вучняў першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі, але і сістэма падрыхтоўкі да такіх спаборніцтваў. Для паглыблення і пашырэння ведаў выкарыстоўваецца патэнцыял факультатыўных і стымуляцыйных заняткаў, арганізавана Школа інтэлектуальнага развіцця.

Сумесныя намаганні настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў прыносяць станоўчыя вынікі на школьных і раённых алімпіядах. У мінулым годзе вучні чацвёртых класаў нашай школы атрымалі 9 дыпломаў у раённых прадметных алімпіядах. Магчыма, менавіта з такіх перамог маленькіх інэлектуалаў пачынаецца шлях у вялікую навуку.


Наталля САЗОНАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 7 Смаргоні.