×

У басейне зімы не бывае

08.02.2019 15:11,

Зімой з мэтай забеспячэння фізічнай актыўнасці дзяцей мы перш за ўсё звяртаемся да санак, канькоў і лыжаў, што загадзя падрыхтаваны да снежнага сезона. Але, як ні дзіўна, зіма — час падрыхтоўкі да лета.

Менавіта зімой праходзяць заняткі па навучанні плаванню вучняў пачатковых класаў сярэдняй школы № 7 Смаргоні. У школе няма ўласнага басейна. Упраўленнем адукацыі Смаргонскага раённага выканаўчага камітэта прадастаўлена магчымасць правядзення заняткаў у басейне найбліжэйшай установы адукацыі.

Праграмай вучэбнага прадмета “Фізічная культура і здароўе” пры навучанні плаванню малодшых школьнікаў прадугледжана выкананне розных навучальных практыкаванняў: прысяды з акунаннем у ваду з галавой; выдых у ваду; слізганне лежачы на грудзях, на спіне; рухі ног спосабам “кроль” з апорай рукамі аб дно, борцік басейна або з падтрымкай партнёра; плаванне з апорай адной і дзвюма рукамі аб дошку і іншыя практыкаванні. Праводзяцца шматлікія гульні у басейне на вадзе, сярод якіх “Невад”, “Карасікі і шчупак”, “Салкі на вадзе”, “Паплавок”, “Зорачка”, “Карагод”, “Паляўнічыя і качкі”.

Забяспечваецца эмацыянальная насычанасць вучэбных заняткаў. Дзеці атрымліваюць задавальненне ад магчымасці ў зімовы час вярнуцца ў цёплае лета. Заняткі ў басейне фарміруюць жыццёва важнае ўменне плаваць, з’яўляюцца выдатным сродкам фізічнага развіцця, загартоўваюць, павышаюць здольнасць арганізма стойка ўспрымаць змены навакольнага асяроддзя, спрыяюць фарміраванню каштоўнаснага стаўлення да свайго здароўя.

Наталля САЗОНАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 7 Смаргоні.