×

А памяць свяшчэнная

07.08.2019 11:52,

У гэтым годзе Беларусь адзначыла 75-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Памяць пра салдат Перамогі засталася не толькі на помніках, абелісках і брацкіх магілах, яна жыве ў сэрцах усіх беларусаў. Лепшае таму пацвярджэнне — рэспубліканская акцыя Беларусь памятае, у якой прынялі ўдзел і выхаванцы дзевяцідзённага аздараўленчага лагера Юны даследчык” пры Макараўскім яслях-садзе — сярэдняй школе Бераставіцкага раёна.

Навучэнцы наведалі вёску Кудрычы, сустрэліся з яе жыхарамі, папрасілі расказаць пра тыя страшныя падзеі, якія адбыліся ў гэтым невялічкім мястэчку. Дзеці даведаліся пра тое, што 8 сакавіка 1942 года 22 жыхары гэтай вёскі былі расстраляны фашыстамі.

Дзевяностагадовая жыхарка вёскі Вольга Міхайлаўна Кардаш расказала, як яна падлеткам страціла бацьку. Соф’я Несцераўна Бандарэвіч — аб сваім свёкру Іпаліце Вікенцьевічы Цітко, які пасля адступлення савецкіх войскаў хаваў афіцэра. Фашысты высачылі іх і расстралялі ў доме на вачах усёй сям’і.

А вось Уладзімір Нікіфаравіч Карасаў пачаў расказваць пра тое, як ён затрымаўся ў Беларусі на 50 гадоў, з аповеда, як лёс яго закінуў ў Беларусь на тэрміновую службу ахоўваць межы Савецкага Саюза. Пра Беларусь упершыню пачуў ад свайго бацькі-франтавіка, прызванага на фронт у 1941 годзе, якому давялося прайсці доўгія вёрсты вайны і праз Беларусь.

Сваякі загінуўшых вёскі Кудрычы выйшлі на вуліцу з партрэтамі сваіх бацькоў, дзядулей і бабуль, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, каб нагадаць пра тых, дзякуючы каму стала магчымым мірная сучаснасць. Яны нясуць памяць, каб кожны з нас мог яшчэ раз зірнуць у вочы тых, каму мы абавязаны жыццём. А мы, нашчадкі Перамогі, хацелі б, каб гэтая памяць захоўвалася як мага даўжэй.

Іна ЛЕБЯДЗЕВІЧ,
выхавальніца летніка “Юны следапыт” Макараўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.