×

Аб бяспецы ў дзіцячым садзе

10.09.2019 14:38,

Выхаванне ў дзяцей дашкольнага ўзросту ўсвядомленых адносін да асабістай бяспекі — адно з прыярытэтных напрамкаў кожнай установы дашкольнай адукацыі. Не абмінае гэтую тэму і наш яслі-сад № 6 Навагрудка.

У рамках акцыі “Адзіны дзень бяспекі” ва ўстанове праходзіць Тыдзень бяспекі. Дзеці з задавальненнем гуляюць у гульні “Мы-пажарныя”, “Што за знак”, “У гасцях у Святлафорыка”, “Пажарныя спяшаюцца на дапамогу”.

Выхавальнікі дашкольнай адукацыі праводзяць гутаркі з дзецьмі па тэмах “Адзін дома”, “Чым пагражае адкрытае акно”, “Ці можна есці невядомыя ягады?”. Дзецям прапануюцца разгледзець плакаты “Калі ўзнік пажар”, “Як перайсці дарогу” і інш. Цікавыя дзецям мультфільмы на тэму бяспекі.

На тэматычных вярандах выхаванцы знаёмяцца з правіламі пераходу вуліцы, з прызначэннем святлоадбівальных элементаў на вопратцы, разыгрываюць міні-сцэнкі “А што, калі б...”, “Агонь. Які ён?”.

Дзеці актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах, з нецярпеннем чакаюць наступнага дня з новымі яго прыгодамі.

Ірына МАШЧОНСКАЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 6 Навагрудка.