×

Абласны злёт сабраў юных сяброў

23.08.2019 10:48,

З дыпломамі, падарункамі і станоўчымі эмоцыямі вярнуліся вучні Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы Астравецкага раёна з абласнога злёту атрадаў юных сяброў пагранічнікаў, кадэцкіх класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гродзенскай вобласці. Ён адбыўся 29—31 ліпеня на базе Смаргонскага вучэбнага цэнтра Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.

Злёт праводзіўся з мэтай фарміравання ў навучэнцаў актыўнай жыццёвай пазіцыі, папулярызацыі прафесіі ваеннаслужачага, вывучэння асноў ваеннай справы, прыёмаў і спосабаў нясення службы па ахове дзяржаўнай мяжы нашай рэспублікі, развіцця і прапаганды ваенна-прыкладных відаў спорту, а таксама агульных фізічных якасцей: сілы, хуткасці, спрыту і вынослівасці. Ён сабраў 8 каманд з розных куточкаў Гродзенскай вобласці.

Атрад юных сяброў пагранічнікаў Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы “Следапыт”, у склад якога ўвайшлі юнакі ва ўзросце 13—14 гадоў, нягледзячы на летнія канікулы старанна рыхтаваўся да злёту. Падтрымку і дапамогу вучням аказалі педагогі Уладзімір Саленік, Дзмітрый Карвецкі і Кацярына Сульжыцкая.

Праграма трохдзённага злёту была вельмі насычанай. Першым іспытам стаў агляд-конкурс строю і песні “Раўненне на сцяг!” Камандзір атрада Канстанцін Юркойць цудоўна справіўся са сваёй задачай: беспамылкова і дакладна аддаў рапарт начальніку штаба, падаў адпаведныя каманды, пасля чаго атрад выканаў страявыя прыёмы. Зладжаная работа праявілася ў руху страявым крокам і выкананні песні. У выніку гэты этап прынёс камандзе 2-е месца.

У першы вечар адбылася сяброўская сустрэча каля вогнішча, падчас якой прайшла прэзентацыя каманд “Мы — адзінае цэлае”. Атрад прадставіў журы творчае выступленне, у якім расказаў пра ўдзельнікаў каманды, установу адукацыі, а таксама сваю малую радзіму.

Другі дзень злёту быў спартыўны. Ваенізаваная эстафета “Тарнада”, спаборніцтвы па кулявой стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі “Снайпер”, кіданне вучэбнай гранаты, перацягванне каната, спартыўна-пазнавальны квест “Пагранічная паласа”, падчас якога неабходна было прайсці па ўсім маршруце сваёй падарожнай карткі, знайсці ўсе тайнікі і зрабіць іх здымкі. У “Следапытаў” усё атрымалася і іх скарбонка папоўнілася 4 дыпломамі. 

Апошні дзень запомніўся ўдзельнікам злёту інтэлектуальнымі іспытамі, якія былі прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзю Гродзенскай вобласці. Турнір “Памятаем і шануем”, які складаўся з трох гульняў (“Медыя-азбука”, “Эрудыт-лато”, “Што? Дзе? Калі?”) прынёс камандзе дыплом ІІ ступені, а ў конкурсе насценгазет “Баявы лісток” — ІІІ.

Акрамя конкурсных этапаў для школьнікаў былі арганізаваны экскурсія па Смаргонскім вучэбным цэнтры Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, выступленне супрацоўнікаў кіналагічнага цэнтра, канцэрт і плац-парад.

Вучні Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы на злёце прадэманстравалі свае лепшыя якасці і заслужана атрымалі агульнакаманднае 3-е месца. Яраслаў Мядэйша атрымаў дыплом у намінацыі “За ўпартасць і працалюбства”, а камандзір атрада Канстанцін Юркойць быў адзначаны дыпломамі ў некалькіх намінацыях: “Лепшы стралок”, “Лепшы страявік злёту” і “За імкненне да перамогі”.

Наталля АДУЛА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Варнянскага ясляў-сада —сярэдняй школы Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці.