×

Аб’яднала “Крыніца”

02.11.2019 14:46,

“Крыніца” — гэта аб’яднанне навучэнцаў і педагогаў гімназіі № 9 Гродна. Такая назва выбрана невыпадкова. Як чыстая вада б’е з нетраў зямлі, прыносіць свежасць і праганяе смагу, так і творчасць людзей, захопленых ідэяй захавання прыгажосці і чысціні свету, свайго здароўя, нясе радасць і веды ўсім навакольным.

Дзесяць гадоў назад “Крыніца” аб’яднала неабыякавых да сучасных праблем навакольнага свету людзей. Работа аб’яднання, удзельнікі якога — прадстаўнікі практычна ўсіх паралелей, арганізавана на прынцыпах добраахвотнасці і ўзаемаразумення. Мы ажыццяўляем дзейнасць па двух асноўных напрамках — экалагічным і валеалагічным. Удзел у жыцці “Крыніцы” дапамагае навучэнцам сфарміраваць усвя­домленае разуменне таго, што ўсё створанае прыродай, — адзіны арганізм, якому патрэбны пастаянныя клопат і абарона.

Члены аб’яднання прапануюць аднагодкам новыя цікавыя формы зносін, атрымання інфармацыі, спосабы праяўлення сваёй індывідуальнасці і крэатыўнасці праз удзел у акцыях, майстар-класах, праектах, даследаваннях, конкурсах, выставах, гульнях, трэнінгах, экскурсіях.

Традыцыйнымі сталі акцыі, якія право­дзяцца аб’яднаннем: “Прыгожая школа сваімі рукамі”, “Пасадзі дрэва”, “Выратуем дрэва”, “Дзень без аўто”, “Падары птушцы дом”, “Чысціня вакол нас”, “Стоп, СНІД”.

Валанцёрамі “Крыніцы” былі распрацаваны і рэалізаваны праекты добраўпарадкавання тэрыторыі гімназіі № 9. Былі аформлены і рэканструяваны алея Памяці, месца памяці героя пагранічніка Ф.П.Кірычэнкі, імя якога носіць навучальная ўстанова, кветнікі, тэрыторыі ўнутраных дворыкаў.

Адным з варыянтаў бачання дзецьмі экалагічных праблем з’яўляецца стварэнне медыяпрадуктаў: відэаролікаў, лістовак, калажаў, коміксаў, буклетаў, газет. Гэты від творчай дзейнасці дазваляе раскрыць важныя праблемы, ператвараючы аўтараў работ у своеасаблівых асветнікаў і настаўнікаў сваіх аднагодкаў. Радуе, што лепшыя работы гімназістаў, такія як выпускі газет “9-ы вал”, “Зялёная хваля”, “Экалагічная карта Гродна”, буклет “Парніковы эфект”, комікс “Кожны можа!”, лістоўкі “Лія супраць грыпу!” становяцца пераможцамі раённых і гарадскіх конкурсаў.

У адпаведнасці з прынцыпам “роўны навучае роўнага” гімназісты рыхтуюць і праводзяць міні-лекцыі для аднагодкаў і вучняў малодшых класаў “Выбіраем жыццё без цыгарэт”, “Бяда па імені СНІД”, “Што такое СНІД?”, рыхтуюць тэатралізаваныя паказы, выступаюць у складзе агітбрыгады Healthy people, антынаркатычнага атрада гімназіі, арганізоўваюць трэнінгі “Умей правільна прымаць рашэнні!”.

Надоўга запамінаюцца майстар-класы, якія праводзяць члены аб’яднання “Крыніца”. На гэтых мерапрыемствах навучэнцы не толькі дэманструюць свае вырабы з другаснай сыравіны, але і вучаць іншых прыёмам іх стварэння. Так, на экалагічнай выставе-майстэрні “Экалагічна. Модна. Крэатыўна” можна было навучыцца пляценню з папяровай лазы, вырабу брошак з адходаў тканіны, стварэнню з пластыкавых бутэлек прадметаў інтэр’ера і побыту.

Доўга абмяркоўваюць гімназісты выставы-дэманстрацыі мадэлей адзення, бо гэтае мерапрыемства заўсёды выклікае яркі эмацыянальны водгук. Удзельнікі дэфіле дэманструюць вырабы з тэматычных калекцый. Для выступленняў прапаноўваліся тэмы “Прыгажосць і экалагічнасць прыродных матэрыялаў” (дэманстраваліся калекцыі адзення і аксесуараў з ільну, бавоўны, натуральнага шоўку, воўны; удзельнікі расказвалі пра ўнікальныя ўласцівасці гэтых матэрыялаў), “Хімія і наша адзенне” (калекцыі з матэрыялаў, створаных хімічным сінтэзам), “Фізіка на варце здароўя і бяспекі” (мадэлі з унікальнымі цепла- і паветраабменнымі ўласцівасцямі, а самым цікавым аб’ектам гэтай калекцыі стала бронекамізэлька).

У гэтым годзе гімназісты рыхтуюць новую калекцыю адзення і аксесуараў да паказу, асноўная ідэя якой — другое жыццё старых рэчаў, а мэта — прыцягнуць увагу моладзі да праблем, звязаных з катастрафічным павелічэннем смецця і адходаў, ростам неабдуманага масавага спажывання рэчаў. Калекцыя заклікае да разумнага і больш працяглага выкарыстання адзення і матэрыялаў. Паказ уключае серыі “Дэнім”, “Футболкі не здаюцца”, “СвітарОк” і інш. Прапанаваныя мадэлі — прыклад ператварэння старых рэчаў, якія выйшлі з моды, у цікавыя, сучасныя, крэатыўныя камплекты адзення, што могуць заняць годнае месца ў гардэробе маладых людзей.

Важным кірункам работы з’яўляецца далучэнне вучняў да даследчай работы. Яны атрымліваюць унікальную магчымасць пабываць у ролі навукоўца, атрымліваюць навыкі работы з навуковым абсталяваннем, вучацца аналізаваць вынікі, фармуляваць высновы. Тэмы даследаванняў цікавыя і актуальныя: “Выкарыстанне праросткаў раслін у якасці мадэлюючых аб’ектаў для дэманстрацыі ўплыву тытунёвага дыму на жывыя арганізмы”, “Даследаванне ўласцівасцей вады рэкрэацыйных вадаёмаў горада Гродна”, “Уплыў фітанцыдаў на прарастанне насення”, “Біяіндыкацыі экалагічнага стану глебы горада Гродна”, “Умовы ўтрымання і гадоўлі мангольскіх пясчанак”, “Вывучэнне асаблівасцей міжпаўшарнай асіметрыі ў вучняў профільных класаў”.

Гэтыя і іншыя работы былі прадстаўлены на конкурсах даследчых работ розных узроўняў, і многія з іх былі адзначаны дыпломамі. Па выніках даследаванняў нашы юныя навукоўцы выпускаюць памяткі, буклеты, відэаролікі, якія выкарыстоўваюцца падчас правядзення пазакласных і выхаваўчых мерапрыемстваў, на ўроках біялогіі, хіміі, фізікі.

Штогод у гімназіі пры арганізацыі профільнага навучання фарміруецца клас хіміка-біялагічнага кірунку. І актывісты “Крыніцы” вельмі часта выбіраюць менавіта гэты профіль. Такі выбар яны робяць па некалькіх прычынах: устойлівая цікавасць да вывучэння прадметаў, прэстыжнасць прафесій, звязаных з прыродазнаўчымі навукамі, магчымасць зносін з выпускнікамі гімназіі, якія працягваюць навучанне ва ўніверсітэтах дадзенага кірунку.

Сувязь пакаленняў членаў аб’яднання “Крыніца” падтрымліваецца ў рамках цыкла мерапрыемстваў “Сто дарог — адна твая!”. Круглыя сталы, сустрэчы “Пытанне — адказ”, відэамост, выпуск насценгазет “Нашы выпускнікі” — гэта мерапрыем­ствы, якія арганізоўваюць і праводзяць члены аб’яднання. На такіх сустрэчах выпускнікі расказваюць пра свой вопыт падрыхтоўкі да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, пра асаблівасці навучання, цікавыя моманты студэнцтва. Дадзеная форма зносін дазваляе выбіраць прафесіі больш усвядомлена, атрымліваць інфармацыю пра яе ад студэн­таў не толькі першых курсаў, але і старэйшых, практычна выпускнікоў УВА, а таксама ад маладых людзей, якія пачалі самастойную прафесійную дзейнасць. І педагог-куратар тут не выступае ў ролі транслятара інфармацыі, а застаецца за кадрам, дапамагаючы толькі арганізаваць дыялог пакаленняў. Такія сустрэчы даюць магчымасць абменьвацца літаратурай і дапаможнікамі, матэрыяламі для падрыхтоўкі да розных інтэ­лектуальных конкурсаў, дзяліцца кантактамі, працягваць зносіны ў будучыні, пасля заканчэння вучобы ў гімназіі.

“Крыніца” — гэта аб’яднанне навучэнцаў і педагогаў, якое дапамагае яго ўдзельнікам рэалізаваць свой творчы, інтэлектуальны патэнцыял, атрымаць важныя для сябе веды і ўменні і падзяліцца імі з навакольнымі, аб’яднанне, дзе можна праявіць сваю індывідуальнасць і крэатыўнасць, развіць здольнасці і таленты, аб’яднанне, у якім вучаць быць неабыякавым чалавекам і актыўным грамадзянінам.

Наталля ЖУРБА,
Вольга ЁДА,
настаўніцы біялогіі гімназіі № 9 Гродна, каардынатары работы аб’яднання “Крыніца”.