×

Адпачылі з задавальненнем

09.01.2020 15:11,

Аздараўленчы лагер “Снегавічок” на базе Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна адчыніў свае дзверы для 30 навучэнцаў. На працягу ўсёй змены — калейдаскоп падзей. Кожны дзень быў напоўнены новымі ўражаннямі, зносінамі і сустрэчамі з цікавымі людзьмі.

У лагеры былі створаны два атрады “Трапны сняжок” і “Гурбы”. Кожны дзень пачынаўся з ранішняй зарадкі і мерапрыемстваў па здаровым ладзе жыцця. Нашы выхаванцы з  вялікай радасцю ўдзельнічалі ў мерапрыемствах “Вясёлыя старты”, прабегу “Мы за здаровы лад жыцця”. Штодня ладзілася зарадка і танцавальныя размінкі на свежым паветры, тэнісныя турніры, спаборніцтвы па бадмінтоне, футболе.

Кожны дзень меў сваю назву, якому адпавядалі ўсе мерапрыемствы ў гэты дзень. У першы дзень навучэнцы адправіліся ў Радунскі сацыяльны прытулак для ўдзелу ў дабрачыннай акцыі “Цуды на Каляды”. На свяце дзеці выказвалі свае пажаданні сябрам з сацыяльнага прытулка і ўручылі падарункі.

Неад’емнай часткай работы лагера сталі экскурсіі. У рамках Года малой радзімы дзеці пабывалі ў цікавых месцах роднага аграгарадка Доцішкі. Навучэнцы прынялі актыўны ўдзел ў квест-гульні, якая была арганізавана ў в. Больцінікі, дзе іх чакалі Дзед Мароз і Снягурачка.

Прэс-цэнтр лагера кожны дзень размяшчаў на школьным сайце нататкі і фатаграфіі аб выніках дня. 

Аксана АНДРУКОНІС,
намеснік дырэктара аздараўленчага лагера “Снегавічок” Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.