×

Аграгіяда-2019 для гімназістаў

11.06.2019 14:38,

2018/2019 навучальны год стаў асаблівым для дзесяцікласнікаў гімназіі № 1 Зэльвы, як і для многіх іншых выпуснікоў з усіх рэгіёнаў краіны.

Увесь год навучэнцы 10 класа аграрнай накіраванасці гімназіі № 1 паглыблена вывучалі профільныя прадметы: хімію і біялогію, на якія адводзілася дадатковыя 4 гадзіны. Шосты школьны дзень стаў для дзесяцікласнікаў яшчэ больш займальны. Наведванне факультатыву “Уводзіны ў аграрныя прафесіі” дапамагло навучэнцам сфарміраваць веды і ўменні ў галіне сельскай гаспадаркі. На занятках, акрамя вывучэння новага матэрыялу, навучэнцы агракласа замацоўвалі веды на практыцы.

За перыяд навучання дзесяцікласнікі паглыбляліся ў свет сельскагаспадарчых раслін і жывёл, даведваліся пра сучасныя метады селекцыі і біятэхналогіі і нават імкнуліся зразумець ролю фізікі ў сельскай гаспадарцы. З велізарным жаданнем спасцігалі азы агранавукі!

Таксама гімназісты прынялі ўдзел у рэспубліканскай прафарыентацыйнай Аграгіядзе-2019, што адбылася на базе Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Мерапрыемства сабрала педагогаў і навучэнцаў з усёй Беларусі.

У першы дзень Аграгіяды адбылося ўрачыстае адкрыццё, пасля якога навучэнцы прымалі актыўны ўдзел у інтэрактыўных майстар-класах вышэйшых навучальных устаноў аграрнага профілю. Прадстаўнікі ўнівэрсітэтаў расказалі ўдзельнікам аб умовах паступлення ў ВНУ аграрнай накіраванасці, аб прафесіях, якія можна атрымаць, скончыўшы навучальныя ўстановы. Аповеды выкладчыкаў і студэнтаў аграрных універсітэтаў суправаджаліся цікавымі і інфарматыўнымі відэаролікамі і прэзентацыямі.

Пасля ўдзельнікаў Аграгіяды чакала не менш займальная тэматычная квэст-гульня “Любоўю зямлю абдымі”. 2 гадзіны часу, і 10 пунктаў квэсту, на кожным з якіх сваё заданне. Не толькі галаваломка для мозгу, але і добрая фізічная трэніроўка, бо гульня праходзіла на ўсёй тэрыторыі студэнцкага гарадка аграрнага ўніверсітэта. Перамогу атрымалі самыя спрытныя, хуткія і кемлівыя.

Насычаная праграма першага дня Аграгіяды завяршылася канцэртам “Люблю цябе, мой край родны”: навучэнцаў і педагогаў здзіўлялі захапляльнымі сцэнічнымі вобразамі, музычнымі кампазіцыямі і танцамі. Таксама тут адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў і прызёраў аграквэсту. Сярод пераможцаў — і гімназісты 10 класа гімназіі № 1 Зэльвы, якія сталі ўладальнікамі дыпломаў I і III ступені.

Другі дзень Аграгіяды быў не менш займальны. 25 мая перад навучэнцамі агракласаў выступілі прадстаўнікі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Падарожжа ў свет сельскай гаспадаркі завяршылася інтэлектуальнай гульнёй “Талака”. Дзесяцікласнікі нашай гімназіі не мелі асаблівых цяжкасцяў і ў інтэлектуальнай гульні, таму зарабілі ў сваю скарбонку ўзнагарод яшчэ 2 дыпломы!

Атрымаўшы порцыю ведаў, зарад бадзёрасці і масу станоўчых эмоцый, гімназісты вярнуліся ў родны пасёлак. Яны цвёрда ўпэўнены: будучыня Беларусі за сельскай гаспадаркай!

Святлана ВОЙТКА,
настаўніца біялогіі дзяржаўнай гімназія № 1 Зэльвы.