×

Актыўнасць на ўсе 100

08.10.2019 14:49,

Калі акрэсліць адным словам дзейнасць адміністрацыі і гімназічнага самакіравання, то гэтым словам будзе “садружнасць”. Трохвугольнікам узаемадзеяння, дзе задзейнічаны навучэнцы, іх бацькі і педагагічны калектыў, называе такую садружнасць дырэктар гімназіі № 9 Гродна Аксана Надудзік. І гэты трохвугольнік стараюцца зрабіць тут з адзінай ступенню адказнасці кожнага боку.

— Дня не праходзіць, каб я не сустракалася і не размаўляла з членамі гімназічнага самакіравання, — гаворыць Аксана Валер’еўна. — У іх столькі ідэй і планаў, яны такія актыўныя, што і мы, дарослыя, зараджаемся гэтай стваральнай энергіяй.

Чатыры гады назад, калі Аксана Валер’еўна ўзначаліла гімназію, прапанавала стварыць вучнёўскае самакіраванне. Першыя яго члены ўжо скончылі гімназію, але закладзеныя ў школьныя гады актыў­насць і адказнасць,  уменне працаваць у камандзе ідуць з імі і па студэнцкім жыцці. Першы старшыня вучнёўскага савета Уладзіслаў Рудакоўскі вучыцца ў Акадэміі МУС, Данііл Дзіўнель — у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.

— Як прыемна было ўбачыць на абласной жнівеньскай нарадзе адным з вядучых мерапрыем­ства нашага выпускніка, члена самакіравання, а зараз студэнта Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Аляксандра Масько, — дзеліцца Аксана Валер’еўна. — Такімі ж актыўнымі хлопцы застаюцца і зараз.

У гэтым годзе гімназісты выбралі старшынёй самакіравання навучэнца 11 класа Яўгена Крывенку. Дарэчы, Яўген у гэтай ролі ўжо другі год. У кожным з 8, 9, 10 і 11 класаў абмяркоўваюцца кандыдатуры. У гэтым годзе ў складзе самакіравання 15 чалавек, упершыню ў яго ўвайшлі навучэнцы 8-х класаў. Практыка паказала, што дзеля пераемнасці, набыцця вопыту васьмікласнікі цалкам гатовы да такой ролі. Кіраўніцтва гімназіі згадзілася з прапановамі навучэнцаў па кандыдатурах, падкрэсліўшы, што яны нясуць адказнасць за сваіх таварышаў.

Штомесяц адбываюцца сумесныя пасяджэнні вучнёўскага савета і адміністрацыі. Дырэктар гімназіі падкрэслівае, што вельмі важна пачуць і абмеркаваць тое, што хвалюе моладзь, знайсці шляхі вырашэння многіх пытанняў. Бачанне дзяцей часам адрозніваецца ад бачання дарослых, але пры ўзаемным абмеркаванні пытанні вырашаюцца на агульную карысць. Так было з гімназічнай формай. Старшакласнікі не згадзіліся з першапачатковымі прапановамі адміністрацыі, абгрунтавалі ўласнае бачанне  — і зараз у гімназістаў камізэлькі сіняга колеру з эмблемай.

— Слушную прапанову пачулі і па арганізацыі дзяжур­ства ў гімназіі, у тым ліку падчас дыскатэк, — расказвае А.В.Надудзік. — І па прапанаванай саветам схеме зараз у нас расстаўляюцца дзяжурныя. Дзеці падказалі тыя вузкія месцы, якія дарослыя не бачылі.

Некалькі разоў у год гімназія жыве пад кіраўніцтвам вучнёўскага самакіравання. Гэта адбываецца падчас метадычных тыдняў і напярэдадні Дня настаўніка. У мінулым годзе на пасадзе дырэктара быў Яўген Крывенка.

— Вельмі хваляваўся, нават не спаў напярэдадні, — гаворыць Яўген. — Раней я быў у ролі настаўніка англійскай мовы. Здавалася, што і гэта вельмі складана. Але ў гэты дзень убачыў адказнасць дырэктара па ўсіх пытаннях, і не толькі вучэбнага працэсу. Усё прайшло добра дзякуючы нашым настаўнікам. Яны дапамагалі і падтрымлівалі. У гэтым годзе на пасаду дырэктара буду прапаноўваць свайго намесніка Ягора Жука: няхай таксама набіраецца вопыту.

— Мне трэба быць актыўным на ўсе 100 працэнтаў ва ўсіх справах, — працягвае Яўген. — Тады будзе вынік.

Актыўнасць, крэатыўнасць і адказнасць. У гімназіі гавораць, што ўжо не турбуюцца, хто зробіць здымкі на мерапрыемстве ці арганізуе святочны канцэрт на 8 Сакавіка. Так, у мінулым годзе самакіраванне прапанавала правесці музычна-танцавальныя перапынкі. Танцавала ўся гімназія, і настаўнікі, і дырэктар не маглі адмовіцца ад запрашэння на танец.

— Бацькі таксама падтрымліваюць ідэю самакіравання і адзначаюць, як мяняюцца іх дзеці, калі ім давяраюць важныя справы, лічацца з іх меркаваннем, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Святлана Віктараўна Салей. — Яны ганарацца сваімі дзецьмі.

…Ідуць па гімназіі члены вучнёўскага самакіравання, прыгожыя, аптымістычныя. Гаспадары ў сваім вялікім доме. У іх вялікія планы — на вучобу, сяброўства, на жыццё.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.