×

“Азярынка” сабрала сяброў

26.08.2019 10:26,

Здаецца, толькі пачаліся летнія канікулы, а ўжо непрыметна наступіў апошні месяц любімай пары дзетвары. Менавіта ў гэты час выхаваўча-аздараўленчая ўстанова “Лагер “Азярынка” на базе Азёркаўскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна сабрала хлопчыкаў і дзяўчынак, каб яны цікава, карысна, займальна, бяспечна правялі апошнія летнія дзянькі.

Для таго, каб наведвальнікі лагера “Азярынка”, а гэта 30 хлопчыкаў і дзяўчынак, з задавальненнем правялі час, быў распрацаваны праект “Я родным краем ганаруся”.

З першых дзён змены тэрыторыя ператварылася ў гульнявое поле. Племянны саюз усходніх славян “Азёрычы” падзяліўся на два атрады (плямёны): “Малаазяранцы” і “Вялікаазяранцы”. Атрад уяўляў сабой вобраз старажытнага славянскага племені. Напрыканцы гульнявога перыяду кожны атрад зможа пабудаваць свой горад, а найбольш дасканалы становіцца цэнтрам — сталіцай княства. Плямёны выконваюць разнастайныя заданні, у канцы дня выхвальнікі разам з прадстаўнікамі савета старэйшын плямён падводзяць вынікі. Пасля заканчэння кожнага перыяду, у пятніцу, праводзіцца асобны рытуал — веча (агульны збор усяго племяннога саюзу), на якім аб’яўляюцца вынікі.

Кожны дзень у аздараўленчым лагеры не падобны на другі. Для дзяцей падрыхтаваны розныя конкурсы, віктарыны, квест-гульні, экспедыцыі, экскурсіі, дзе яны знаёмяцца з працай бацькоў, аднавяскоўцаў, наведваюць памятныя мясціны, назіраюць за прыгажосцю малой радзімы. У ходзе рэалізацыі модульнага праекта “Легенда на кожны дзень” выхаванцы пазнаюць новую легенду: пра назвы азёр, вёскі, пра Белавежскую і Ліпічанскую пушчы, аб паходжанні сялян. Шмат цікавых легенд чакае хлопчыкаў і дзяўчынак наперадзе.

Кожную раніцу выхавальнікі сустракаюць дзяцей, каб тыя атрымалі зарад бадзёрасці, запас пазітыўных эмацыянальных перажыванняў, радасць зносін і пазнання.

Таццяна ХАЛЕЦКАЯ,
дырэктар выхаваўча-аздараўленчай установы “Лагер “Азярынка”,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Азёркаўскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна.