×

Быць здаровым, або Навучанне з радасцю

26.03.2020 11:48,

Адказ на пытанне, на якіх этапах урока можна выкарыстоўваць прыёмы здароўезберажэння, для настаўнікаў сярэдняй школы № 23 Гродна відавочны — на ўсіх этапах урока: арганізацыя класа, актуалізацыя кампетэнцый, праверка дамашняга задання, пастаноўка мэт і задач урока, тлумачэнне новага, замацаванне вывучанага, абагульненне ведаў, арганізацыя самастойнай работы, падвядзенне вынікаў урока, вызначэнне дамашняга задання.

Настаўнікі рускай мовы і літаратуры ўжо некалькі гадоў працуюць над праблемай пошуку і шырокага выкарыстання актыўных форм і метадаў, якія стымулююць свядомае стаўленне вучняў да працэсу навучання. Да непасрэдна актыўных прыёмаў адносяцца тыя, якія выкарыстоўваюцца ўнутры адукацыйнага мерапрыемства, у працэсе яго правядзення.

Для кожнага этапу ўрока выкарыстоўваюцца свае актыўныя прыёмы. Вялікая ўвага ўдзяляецца слоўнікавай рабоце. Адгадаць рэбусы, крыжаванкі, складзеныя настаўнікам са слоўнікавых слоў, запісаць словы, падкрэсліць арфаграмы дапамогуць актыўныя формы работы.

Гульня “Раскіданыя шары”. На дошцы напісаны словы з прапушчанымі арфаграмамі, а справа за рысай знаходзяцца рознакаляровыя шары з напісанымі на іх літарамі. Вучні выходзяць да дошкі, знаходзяць патрэбны шар і прымацоўваюць яго да слова.

Добра ўспрымаецца вучнямі граматычная эстафета з элементамі спаборніцтва. На дошцы ў тры слупкі выпісаны словы з прапушчанымі на вывучаныя правiлы арфаграмамi. Вучні дзеляцца на тры каманды, па сігнале адначасова выходзяць да дошкі і ўстаўляюць у слова прапушчаную арфаграму. Выйграе тая каманда, якая хутчэй спраўляецца з заданнем, зрабіўшы пры гэтым найменшую колькасць памылак.

Выкарыстанне актыўных форм і прыёмаў навучання дапамагае актывізаваць пазнавальную дзейнасць вучняў, дае магчымасць задзейнічаць ва ўроку ўсіх, падняць настрой і мінімізаваць стрэс, які негатыўна адбіваецца на псіхічным і фізічным стане здароўя ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Адной з задач, якія вырашаюць педагогі метадычнага аб’яднання настаўнікаў гісторыі, з’яўляецца прымяненне элементаў здароўе­зберагальных тэхналогій пры правя­дзенні ўрокаў гісторыі і грамадазнаўства. Педагогі актыўна прымяняюць элементы здароўе­зберагальнай тэхналогіі пры правядзенні этапу рэфлексіі на ўроках грамадазнаўства.

Каб кожны вучань мог выказацца па праблеме, узнятай на ўроку, не баяўся памыліцца, на этапе рэфлексіі прапануецца школьнікам “заняць сваю пазіцыю” ў рамках дадзенай тэмы. Прыём “займі пазіцыю” дазваляе выявіць існуючыя думкі, убачыць прыхільнікаў і праціўнікаў той ці іншай пазіцыі, пачаць аргументаванае абмеркаванне пытання. Усе ўдзельнікі, падумаўшы над пытаннем, падыходзяць да адной з чатырох таблічак, размешчаных у розных частках класа (“Цалкам згодзен”, “Цалкам не згодзен”, “Хутчэй згодзен”, “Хутчэй не згодзен”). Заняўшы пазіцыю, удзельнікі абменьваюцца думкамі па дыскусійнай праблеме і прыводзяць аргументы ў падтрымку сваёй пазіцыі. Любы ўдзельнік можа свабодна памяняць пазіцыю пад уплывам пераканаўчых аргументаў.

Настаўнікаў замежнай мовы хвалюе пытанне матывацыі малодшых школьнікаў праз кантрольна-ацэначную дзейнасц­ь. Галоўным недахопам існуючай сістэмы ацэнак і адзнак з’яўляецца іх магчымы траўміруючы ўплыў на дзіця. Педагогі не павінны забывацца, што дзеці хочуць, каб іх ацанілі, а не пакаралі. Як зрабіць, каб дзеці не баяліся быць ацэненымі? Настаўнік павінен быць дастаткова кваліфікаваным, каб умела спалучаць розныя віды ацэньвання самым эфектыўным чынам.

Нефармальнае ацэньванне можа быць праведзена рознымі спосабамі: не скупіцца на вусную пахвалу пры добрых выніках, даваць сяброўскія каментарыі ў рабочых сшытках, дарыць каляровыя фігуркі са словамі “Добра!”, “Выдатна!” і іншымі, дарыць маленькія падарункі, наклейкі, цукеркі, маляваць або штампаваць вясёлыя або сумныя смайлікі, ствараць партфоліа.

Самаацэньванне захоўвае дзіцячую псіхалагічную бяспеку і аўтаномію. Настаўніку толькі неабходна абмеркаваць з вучнем крытэрыі ацэньвання.

Групавое ацэньванне (або ацэнка аднакласніка) дазваляе вучыцца ўзаемадзеянню, паважаць і прымаць меркаванне іншага чалавека, станавіцца партнёрамі, што зво­дзіць да мінімуму негатыўны аспект спаборніцтва, дапамагае давяраць адно аднаму.

Фармальнае ацэньванне — гэта выстаўленне адзнак пры наяўнасці пэўных крытэрыяў.

Педагогі метадычнага аб’яднання настаўнікаў хіміі, біялогіі, геаграфіі шмат увагі ўдзяляюць эфектыўнасці правядзення этапу праверкі дамашняга задання. Імі ўдала спалучаюцца як традыцыйныя, так і незвычайныя, арыгінальныя формы і прыёмы праверкі, якія актывізуюць разумовую дзейнасць вучняў, павышаюць самастойнасць, нараджаюць і захоўваюць матывацыю рэгулярна і якасна выконваць дамашнюю работу. Вось некалькі цікавых ідэй.

Гульня “Лаві мячык”. Гульня праводзіцца ў крузе. Настаўнік задае пытанне і падкідвае мяч. Вучань, які яго злавіў, дае адказ.

Гульня “Пазнай мяне”. Прапанаваць вучням выступіць ад імя вядомай персоны (вучонага, літаратурнага ці гістарычнага героя), пры гэтым не называючы яе, але апісваючы ўчынкі, адкрыцці, развагі.

“Дыктант”. Неабходна вызначыць адпаведнасць паміж выразамі ў слупках справа і злева.

“Перакладчык”. Прапануецца “перакласці” вызначэнне якога-небудзь тэрміна з навуковай мовы на даступную.

“Малюем адказ”. Настаўніку неабходна падрыхтаваць пытанні па пройдзенай тэме, адказы на якія вучні змогуць хутка і проста намаляваць.

Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры даследуюць праблему вартасці захавання часавых рамак урока. Абапіраючыся на шматлікія ўласныя назіранні і эксперыментальныя даследаванні навукоўцаў, педагогі сцвяр­джаюць, што захаваць высокую працаздольнасць на ўроку дапамагаюць правільная рэгламентацыя працягласці і рацыянальнае чаргаванне розных відаў дзейнасці.

Колькасць этапаў урокаў розных тыпаў можа быць рознай. Неабавязкова і немагчыма на кожным уроку выконваць усе этапы, але часавыя рамкі захоўваць неабходна. Аказваецца, школьнікі стамляюцца на ўроках не ад напружанай працы, а, наадварот, ад гультайства, ад марнавання часу.

Настаўнікі матэматыкі, інфарматыкі, фізікі шукаюць кампраміс у вырашэнні адвечнай праблемы — мяне (вучня) не паспелі апытаць — у правядзенні інтэграваных урокаў. Веды, набытыя вучнямі на пэўным уроку, не губляюцца, а могуць быць плённа выкарыстаны педагогам на іншым уроку. Рашэнне матэматычных задач з дапамогай хімічных прапорцый, прымяненне ведаў з геаграфіі пра маштаб пры разліку рэальнай адлегласці паміж гарадамі, стварэнне пэўных аб’ектаў з дапамогай ведаў з матэматыкі аб каардынатнай плоскасці на ўроках інфарматыкі ў праграме “Чарцёжнік”. Прыём інтэграванага прымянення ведаў дапамагае вучням пераканацца, што веды не толькі неабходныя, але і дадаткова ацэнены на іншым уроку.

За перыяд плённай працы настаўнікаў па выкарыстанні прыёмаў здароўезберажэння выпрацаваны правілы здароўя на розных этапах урока:

— пажаданне сабе і тым, хто побач, толькі дабра (правядзенне пазітыўнага арганізацыйнага моманту, выразнай мэтапастаноўкі з’яўляецца галоўным матыватарам і залогам поспеху ўсяго ўрока);

— як мага больш станоўчых эмоцый (актуалізацыя кампетэнцый пры падборы матэрыялу да ўрока, спалучэнне інтрыгі вучэбнай задачы з камічнасцю педагагічнай сітуацыі, выкарыстанне тэматычных практыкаванняў дазволіць максімальна атрымаць задавальненне ад рэалізацыі задач урока);

— захаванне рэжыму (адна і тая ж структура ўрока пры яе пастаянным паўтарэнні надакучыць самаму жадаючаму вучыцца школьніку. Этапы ўрока можна і трэба вар’іраваць, але часавыя рамкі, адведзеныя на пэўны этап, захоўваць пажадана для стварэння ўмоў найбольш поўнага засваення ведаў);

— мне ўсё зразумела (формы і прыёмы арганізацыі этапаў праверкі дамашняга задання, рэфлексіі павінны быць накіраваны на ўсталяванне зваротнай сувязі ў суб’ект-суб’ектных адносінах);

— ад кожнага па здольнасцях — кожнаму па працы (як хваліць і як ушчуваць: а­дзнака за ўрок не павiнна быць самамэтай. Для захавання псіхічнага здароўя вучняў часцей больш важнай, чым пісьмовая ацэнка ведаў, з’яўляецца аргументаваная слоўная ацэнка, нават калі яна і невысокая);

— мае намаганні не марныя (колькі сіл выдаткавана для падрыхтоўкі прэзентацыі, дадатковага матэрыялу, вучэбнага паведамлення, рэферата, але ва ўроку толькі 45 хвілін. Інтэграванне ведаў урока з іншымі прадметнымі галінамі — добры кампраміс паміж вучнем і настаўнікам);

— фізхвілінка фізхвілінкам розніца (афтальматрэнажоры, канторкі ўжо даўно з’яўляюцца неад’емнай часткай школьных кабінетаў. Але ва ўмовах гіпадынаміі ўсё часцей педагогі звяртаюцца да нестандартных для ўрока відаў рэлаксацыі: фанетычнай рытмікі-масажу, тэхналогіі музычнага і колеравага ўздзеяння, кропкавага масажу, дыхальнай гімнастыкі, каб працаваць з задавальненнем).

Многае ў школе робіцца для захавання здароўя вучняў, але яшчэ больш трэба бу­дзе зрабіць: пераадольваць аўтарытарнасц­ь і аднастайнасць традыцыйнага ўрока, паступова пераходзіць ад інфармацыйных мадэлей навучання да мадэлей удасканалення асобы, на ўроках ствараць атмасферу добразычлівасці, веры ў сілы і поспех дзіцяці — мяняць псіхалогію настаўніка.

Таццяна СЦЯПУРА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 23 Гродна.