Час фізікаў
У Любчанскай сярэдняй школе прайшоў традыцыйны тыдзень фізікі.
Тлумачэнне ўзаемасувязей у Сонечнай сістэме, з’яў прыроды, узаемаўздзеяння цел узялі на сябе зацікаўленыя гэтай навукай вучні старшых класаў. Юныя фізікі з сёмага і восьмага класаў з задавальненнем разгадвалі рэбусы і загадкі аб фізічных з’явах.
Фізіка і тэхніка, фізіка і мабільная сувязь, фізіка і будаўніцтва, фізіка і здароўе — няпоўны пералік тэм, якія здзіўлялі гледачоў-“лірыкаў”. А інтэлектуальная гульня “Фізбой” захапіла нават “лірыкаў”, якія былі запрошаны ў актавую залу ў якасці гледачоў.
Мерапрыемствы першага дня задалі такі тэмп, што да канца тыдня паштовая скрынка “Пытанне фізікам” была запоўнена. Горача прыйшлося 11-класнікам, якія падчас закрыцця тыдня адказвалі на звароты малодшых школьнікаў.
А найбольш выніковым стаў гэты тыдзень для настаўніка: ён убачыў сярод малодшых школьнікаў зацікаўленых фізікаў, што прыйдуць на змену выпускнікам.
Марына ЛЯЎША,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна.