×

Цікавая экскурсія

22.08.2019 15:07,

У сувязі са святкаваннем 75-ай гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў выхаванцы аздараўленчага лагера “Гарачыя сэрцы” сярэдняй школы № 5 Навагрудка наведалі вайсковую часць 75158.

Цікавая экскурсія пачалася з КПП, дзе дзяцей сустрэў намеснік камандзіра батальёна па ідэалагічнай рабоце капітан А.Б.Вееўнік. Ён расказаў дзецям пра гісторыю стварэння часці, яе традыцыі. Выхаванцы слухалі вельмі ўважліва, таму што ўпершыню апынуліся ў вайсковым асяроддзі.

У пачатку экскурсіі школьнікам прапанавалі наведаць клуб і паглядзець мультфільм “Дэсантнік Сцёпачкін”, вобраз якога сімвалізуе адвагу і мужнасць. Здавалася, што ў той момант кожны з хлапчукоў хацеў апынуцца на месцы галоўнага героя.

Потым выхаванцы наведалі казармы, дзе пазнаёміліся з бытам ваеннаслужачых. Даведаліся пра тое, што ў вайскоўцаў таксама праходзяць заняткі, але толькі па баявой падрыхтоўцы.

А колькі было радасці ў дзіцячых вачах, калі яны ва ўласных руках патрымалі баявую зброю! Пад пільным наглядам вайскоўцаў некаторыя хлопчыкі паспрабавалі разабраць аўтамат.

Будучыя абаронцы Айчыны пабачылі не толькі ўмовы нясення службы, але і ўзоры параднага, паўсядзённага і баявога адзення. Гэта была ўнікальная магчымасць паглядзець сапраўдны парад ваеннага абмундзіравання.

Асаблівую цікавасць ў выхаванцаў выклікала ваенна-палявая кухня. А як жа дзеці былі здзіўлены, калі зазірнулі ў салдацкую палатку і ўбачылі працэс падрыхтоўкі ежы! Хлопчыкі і дзяўчынкі так ўжыліся ў ролю вайскоўцаў, што не змаглі прайсці міма спецыяльна абсталяванага месца для мыцця рук у палявых умовах.

Час праляцеў вельмі хутка. Дзеці атрымалі шмат станоўчых эмоцый і карыснай інфармацыі. Па дарозе дадому адчувалася, што вайсковы дух аказаў на малодшых школьнікаў незабыўнае ўражанне.

Наталля БУЦКЕВІЧ,
выхавальніца аздараўленчага лагера “Гарачыя сэрцы” сярэдняй школы № 5 Навагрудка.