×

Цукеркі з чароўнага куфэрка

11.07.2019 12:16,

Якім павінен быць добры чалавек? У чым выяўляецца дабрыня? Адказы на гэтыя пытанні выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы атрымалі ў час займальнага падарожжа ў краіну добрых манер, куды іх запрасіла Фея Дабрынi.

З дапамогай чароўнага парасона дзецi пабывалі ў горадзе дабрыні, жыхары якога жадаюць адзін аднаму толькі дабра і шчасця, даведаліся, што ветлівасць і дабрыня — паняцці непадзельныя, добры чалавек заўсёды ветлівы i чулы. Дашкольнікі чыталі вершы пра дабрыню, ветлівыя словы, выканалі песню “Калі добры ты”.

Затым чароўны парасон перанёс падарожнікаў у горад добрых манер, дзе чакалі гульні “Гэта я, гэта я, гэта ўсе мае сябры!”. Дзеці ўспомнілі і замацавалі правілы этыкету. У горадзе ветлівасці дашкаляты сустрэліся з бабуляй-шкоднiцай, якая хацела навучыць дрэнным манерам, але дзецi не паддаліся спакусе і выдатна справіліся з заданнямі, паказаўшы толькі добрыя манеры.

На станцыі “Добрыя справы” дзеці дапамаглі сумнай бабулі сабраць і раскласці па кошыках цацкі, якія раскідалі яе непаслухмяныя ўнукі. У канцы падарожжа Фея Дабрынi прапанавала назваць добрую справу i скласці кветкі ў чароўны куфэрак. Зачыніўшы куфэрак і прамовіўшы чароўныя словы, Фея Дабрынi ператварыла кветкі ў салодкі пачастунак.

На працягу ўсяго падарожжа панавала атмасфера дабрынi і клопату, сяброўства і цеплыні. Вандраванне скончылася, але дабрыня і добрыя манеры застануцца з дзецьмi, дапамагаючы ім стаць ветлівымі і культурнымі асобамі.

Ганна АНІСЬКА,
выхавальнiк дашкольнай адукацыi Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы.