×

Цяпло нашых сэрцаў вашым пражытым гадам

04.11.2019 11:44,

У нашай краіне састарэлым людзям удзяляецца вялікая ўвага. Не застаюцца ўбаку і ўстановы адукацыі. Неад’емны складнік эфектыўнага выхавання маладога пакалення — абуджэнне пачуцця спагады, абавязку, павагі і любові да сваіх бацькоў, да бабуль і дзядуль, састарэлых суседзяў.

Для вучняў Любчанскай сярэдняй школы гэта не проста словы. У школе склаліся традыцыі валанцёрскага руху. Перш за ўсё гэта дзейнасць валанцёрскіх і цімураўскіх атрадаў, якія на працягу многіх гадоў аказваюць дапамогу ў арганізацыі быту адзінокім састарэлым: прынесці дровы, прыбраць двор, дапамагчы ва ўборцы ўраджаю, пасадзіць агарод ці кветкі. І няважна, ці гэта адзінокая састарэлая бабулька з аддаленай вёскі, ці жыхарка пасёлка — усім аднолькава патрэбна дапамога. Такімі прынцыпамі кіруюцца нашы валанцёры і імкнуцца падтрымаць па першай просьбе сваіх падшэфных. Асабліва патрэбнай гэта дапамога становіцца ў час падрыхтоўкі жылля да зімы. Таму і спяшаюцца зараз нашы вучні зноў наведаць сваіх падапечных.

Яшчэ адным аб’ектам валанцёрскай дзейнасці з’яўляецца бальніца сястрынскага догляду г. п. Любча, пастаяльцам якога моладзь дорыць прыемныя хвіліны зносін, сагрэтых узаемнай цеплынёй і ўвагай. Вучні ладзяць канцэрты для жыхароў установы, прыносяць  пачастункі і падарункі, зробленыя сваімі рукамі. Карысная і індывідуальная работа з пастаяльцамі бальніцы: чытанне газет і часопісаў, кніг, прагулкі, абмеркаванне апошніх навін. І гэта, бадай, самае важнае, чаго чакаюць нашы падшэфныя. Бо жывое цёплае слова, уважлівы цікаўны слухач, шчырая размова здольны напоўніць будні адзінокіх людзей святлом і надзеяй.

У сваю чаргу такія сустрэчы дапамагаюць вучням узняцца над сваімі праблемамі і ўбачыць беды і клопаты іншых, зразумець і зрабіць крок насустрач, каб падарыць радасць, надзею і душэўную цеплыню.

Ларыса МАРОЗ,
настаўніца Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна.