×

Цяпло нашых сэрцаў — вашым пражытым гадам!

02.12.2019 15:27,

Старасць, сагрэтая цеплынёй дзіцячай усмешкі, вызначае ўзровень і годнасць нашага грамадства. Мы вучым дзяцей не толькі дапамагаць пажылым і нямоглым людзям, але і ўмець выслухаць, зразумець, пашкадаваць.

Напярэдадні Дня інвалідаў, а таксама навагодніх свят валанцёры Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна прынялі ўдзел у дабрачыннай акцыі “Цяпло нашых сэрцаў — вашым пражытым гадам!”. У рамках акцыі члены валанцёрскага атрада “Надзея” дапамаглі ў навядзенні парадку на прысядзібных участках Аліму Мустафавічу Багдановічу, Ніне Іванаўне Дзяшкевіч, у нарыхтоўцы дроў адзінокім і адзінока пражываючым грамадзянам пажылога ўзросту Валянціне Іванаўне Агейка, Святлане Сцяпанаўне Калядзе, ветэрану працы Анфісе Юльянаўне Шкарпета.

З 1 кастрычніка па 1 снежня члены аб’яднання па інтарэсах “Дамавічок” стваралі сувеніры, а валанцёры падарылі пажылым людзям, сацыяльным хворым пры Нягневіцкай бальніцы сястрынскага догляду вязаныя сваімі рукамі цёплыя рукавіцы і іншыя цікавыя рэчы.

Дзеці з вялікай адказнасцю ставяцца да справы валанцёрскага руху. Часта можна пачуць, як яны дамаўляюцца пайсці да Ніны Іванаўны або Ганны Аляксееўны, плануюць, чым дапамагчы ў першую чаргу, колькі часу спатрэбіцца на дамашнія справы, а колькі — на зносіны. І што самае важнае — ніколі не спяшаюцца пакінуць дом сваіх падшэфных, якія ўдзячны хлопчыкам і дзяўчынкам за ўвагу і ласку. Вельмі кранае той момант, калі дзеці просяць зрабіць фотаздымак на памяць: нашы бабулі прыбіраюцца, просяць падаць люстэрка, папраўляюць прычоскі.

Паважлівыя адносіны да пажылых грамадзян, спачуванне і дабрыня — вось што аб’ядноўвае валанцёраў нашай школы.

Таццяна НАГОРНАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.