×

Да вытокаў душой дакрануўшыся

04.09.2019 14:43,

Вучням сярэдняй школы № 1 г.п. Рось Ваўкавыскага раёна пашчасціла пабываць на Дні беларускага пісьменства ў Слоніме.

Пачалася наша вандроўка з удзелу ў квест-гулні “Код Сапегі”. Дзеці атрымалі карту з заданнямі, якія тычыліся гістарычных мясцін горада. І вынікі не заставілі сябе чакаць. Вучні Маргарыта Лазар і Уладзіслаў Богдан разгадалі код Сапегі і атрымалі прыз: гульню-вандроўку “Таямніцы даўняга скрыпторыя”.

Незабыўныя ўражанні засталіся пасля наведвання друкарскага двара XVI стагоддзя. Там мы ўбачылі прыстасаванні і машыны розных часоў для друкарскай справы. Колькі было радасці, калі кожны з нас змог адчуць сябе старажытным друкаром! На адноўленым друкарскім станку часоў Францыска Скарыны жадаючыя раздрукавалі першую старонку старажытнай Бібліі.

Падзівіліся на сапраўдны аб’ект мастацтва: фігуру зубра, якая выканана з дэталяў і шрыфтоў тыпаграфскіх машын і абсталявання XIX—XX стагоддзяў.

Прыемнай нечаканасцю для нас стала запрашэнне на адну з турыстычных пляцовак, дзе гасцей частавалі старажытнымі стравамі па рэцэптах з кніг беларускіх класікаў. Вельмі даспадобы прыйшліся коласаўскія бліны з прыпекам з паэмы “Новая зямля”.

Калі апынуліся ў гістарычным цэнтры горада, то ўбачылі велічную бронзавую скульптуру славутага дзеяча часоў ВКЛ Льва Сапегі, які пакінуў значны след у гісторыі княства і горада.

Далей наш шлях прайшоў праз горад майстроў. Якія таленаваітыя людзі жывуць на Гродзеншчыне! Унікальнымі вырабамі народных умельцаў можна было не толькі палюбавацца, але і набыць. Што мы з задавальненнем і зрабілі.

У Слонімскі драмтэатр нас запрашаў сам яго заснавальнік Міхаіл Казімір Агінскі. З вялікай ахвотай прынялі запрашэнне і не пашкадавалі. Чароўныя гукі паланеза Агінскага напаўнялі ўнутраны дворык, дзе былі размешчаны разныя віды батлеек. У хуткім часе пачалося выступленне самадзейных артыстаў.

Наведалі мы яшчэ парк культуры і адпачынку. Выступленне дзіцячых калектываў, інтэрактыўныя гульні, атракцыёны, павільёны з дзіцячай літаратурай... Можна было не толькі набыць новую цікавую кнігу, але і атрымаць аўтограф аўтара.

Шмат чаго хацелася яшчэ ўбачыць. Але прыйшоў час развітвацца з гасцінным Слонімам. У сваім сэрцы мы захаваем самыя цёплыя і сардэчныя ўспаміны пра свята роднага слова.

Алена ПОЛЬЦЫНА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 г.п. Рось Ваўкавыскага
раёна.