×

Дарожная карта летняга адпачынку

07.09.2019 14:41,

Рэалізацыя праекта “Лета-2019” у сярэдняй школе № 18 Гродна пачалася задоўга да летніх канікул. Яшчэ ў лістападзе 2018 года навучэнцам, педагогам і бацькам быў прадстаўлены ўвесь спектр форм летняй занятасці і аздараўлення дзяцей.

Дзецям прапаноўваліся лагер з дзённым знаходжаннем, лагер працы і адпачынку, абаронна-спартыўныя лагеры, лагеры, размешчаныя ў маляўнічай мясцовасці, стацыянарныя кругласутачныя летнікі Гродзенскай вобласці, вучнёўскія працоўныя брыгады, аб’яднанні па інтарэсах і майстар-класы ва ўстановах дадатковай адукацыі горада, трэнажорныя залы і спартыўныя мерапрыем­ствы сумесна з фізкультурна-азда­раўленчым цэнтрам “Алімпія”, аб’яднанні па інтарэсах, культурна-масавыя і спартыўна-аздараўленчыя мерапрыемствы ва ўстанове адукацыі, працоўная практыка і грамадска карысная праца, валанцёрская дзейнасць, работа бібліятэкі, камп’ютарных класаў, мера­прыемствы сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы, экскурсіі па родным краі.

З мэтай выяўлення пераваг баць­коў па арганізацыі занятасці і аздараўлення дзяцей было праведзена анкетаванне. Аналіз паказаў, што запатрабаваны абсалютна ўсе формы і віды летняй занятасці. Гэта радуе: значыць, бацькі ўсведамляюць важнасць умацавання здароўя дзяцей, захавання іх бяспекі, а таксама самарэалізацыі і развіцця творчага патэнцыялу. Па выніках вывучэння запытаў бацькоў у летнім аздараўленні і арганізацыі занятасці дзяцей была складзена дарожная карта навучэнцаў школы “Лета — час адкрыццяў і карысных спраў”, якую атрымала кожнае дзіця ў канцы навучальнага года. І, безумоўна, кожны вучань прыняў удзел хоць у адным з прапанаваных кірункаў і форм летняга адпачынку і занятасці. 

Самай запатрабаванай і распаўсюджанай формай аздараўлення дзяцей у летні перыяд 2019 года стала аздараўленне іх у лагерах з дзённым знаходжаннем. На працягу ўсяго летняга перыяду за тры лагерныя змены ў прышкольным лагеры прайшлі аздараўленне 280 вучняў, што складае 30% ад агульнай колькасці навучэнцаў нашай установы адукацыі. Збалансаванае харчаванне, вітамінізацыя, дзённы сон і мноства актыўных форм занятасці спрыялі аздараўленню і арганізацыі адпачынку дзяцей.

Знаходжанне навучэнцаў у абаронна-спартыўным лагеры “Маладая гвардыя” арганізуем на працягу дзевяці гадоў. Такая работа магчыма толькі ва ўзаемадзеянні з камандаваннем вайсковай часці 2141, на базе якой штогод і ладзіцца лагер. У гэтым годзе палатачны лагер прыняў 27 хлопчыкаў 7—8 класаў. Гэтая форма занятасці дазваляе выра­шыць многія важныя задачы выхавання юнакоў — будучых абаронцаў Айчыны. Гэта арыентацыя на выбар ваенных прафесій, папулярызацыя заняткаў фізічнай культурай і спортам, фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця, развіццё працоўных навыкаў і самаабслугоўвання — дзяжурства па сталовай і тэрыторыі, працоўныя дэсанты, прафілактыка асацыяльных форм паводзін падлеткаў.

У праграму выхаваўчых мерапрыемстваў лагера было ўключана мноства мерапрыемстваў па страявой, агнявой, дапрызыўнай падрыхтоўцы, спартыўных мерапрыемстваў сумесна з ваеннаслужачымі пагранзаставы, наведванне музеяў часці і паходы па месцах баявой славы.

Запатрабаванай формай занятасці старшакласнікаў, як паказала і лета 2019 года, застаецца лагер працы і адпачынку “РОСТки БУДУщего”.  Галоўная ўмова паспяховай работы лагера — гэта пошук загадзя працоўных арганізацый, гатовых прыняць 16-гадовых школьнікаў на свабодныя працоўныя месцы. З 2014 года наша ўстанова адукацыі супрацоўнічае з ААТ “Малочны свет”. Старшакласнікі працуюць прадаўцамі марожанага. Падчас знаходжання ў лагеры юнакі і дзяўчаты атрымліваюць выдатную магчымасць паспрабаваць сябе ў сур’ёзнай справе, акунуцца ў дарослае жыццё.

Выдатнай формай арганізацыі працоўнай занятасці вучняў 14—17 гадоў з’яўляецца працоўная брыгада. На падставе працоўнага дагавора, заключанага з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Гродзенскага гарвыканкама, 36 навучэнцаў 8 і 10 класаў працавалі ў чэрвені — жніўні падсобнымі рабочымі ў працоўных брыгадах па добраўпарадкаванні прышкольнай тэрыторыі і вучэбных кабінетаў.

Летам 2019 года наша школа ўпершыню актыўна выкарыстоўвала такую новую форму аздараўлення дзяцей, як 9-дзённыя лагеры адпачынку, размешчаныя ў маляўнічай мясцовасці. Такую пляцоўку для нашых дзяцей прадаставіў кругласутачны дзіцячы лагер “Рамонак” у Воранаўскім раёне. Удзячныя дзеці і бацькі выказалі жаданне вярнуцца ў “Рамонак” у наступным годзе.

На працягу ўсяго лета адміністрацыя школы цесна супрацоўнічала з Зэльвенскім аддзелам адукацыі па набыцці пуцёвак і арганізацыі аздараўлення нашых навучэнцаў у кругласутачным аздараўленчым лагеры “Блакітная хваля”. 16 навучэнцаў 1—10 класаў, бацькі якіх не мелі магчымасці набыць пуцёўкі ў сваіх арганізацыях, на працягу 4 змен змаглі адпачыць і аздаравіцца ў гэтым выдатным лагеры.

Падводзячы вынікі лета, можна з упэўненасцю сказаць, што школа ў гэты час стала цэнтрам па аздараўленні і занятасці вучняў, а значыць, у выхаваўчай рабоце не было канікул!

Мая МАРОЗІК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 18 Гродна.