×

Дарожны талісман

13.03.2019 15:46,

Вялікая колькасць пешаходаў гіне на дарогах у выніку дарожна-транспартных здарэнняў. Асноўны працэнт здарэнняў — цёмны час сутак.

Дзеці — самыя маленькія ўдзельнікі дарожнага руху, але, нягледзячы на гэта, яны павінны ведаць шмат і паматаць аб небяспецы на дарозе. У Нягневіцкім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Навагрудскага раёна вядзецца работа па фарміраванні культуры паводзін на дарозе, па ўзбагачэнні ведаў аб тым, што вадзіцелю цяжка заўважыць пешахода ў цемры. З гэтай мэтай быў распрацаваны праект “Мой сябар-флікер”. У працэсе рэалізацыі праекта выхаванцы замацоўвалі і пашыралі веды пра святлоадбівальныя элементы, замацоўвалі навыкі нашэння флікера.

Дзеці з задавальненнем прынялі ўдзел у акцыі “Падарунак малышам”: рабілі флікеры сваімі рукамі. Для гэтага з фетру вырэзвалі розныя фігуры, накладвалі шаблоны на святлоадбівальную паперу, абводзілі і вырэзвалі сілуэт нажніцамі. Ствараючы флікеры, дзеці не толькі праявілі творчасць, але і ўспомнілі правілы бяспечных паводзін на дарозе. Перадача падарункаў адбылася ў малодшай групе. Малыя з задавальненнем слухалі вершы старэйшых дзяцей пра флікеры, парады, якія ім даваліся, разглядалі падарункі.

Даволі цікавы і незвычайны падарунак падрыхтавала для дзяўчынак мама Уладзіславы Карыцька. Яе святлоадбівальныя ўпрыгожанні-заколкі прыйшліся да густу ўсім дзяўчынкам. Выхавальнікі падрыхтавалі для бацькоў памяткі-наказы “Бяспека дзяцей — справа бацькоў”. З задавальненнем дзеці праглядзелі падрыхтаваны выхавальнікамі лялечны спектакль “Флікер у гасцях у Калабка”.

Фарміраванню ў дзяцей-пешаходаў устаноўкі на выкарыстанне імі святлоадбівальных элементаў як сродкаў бяспекі ў цёмны час сутак, замацаванню ведаў аб правілах дарожнага руху і правілах бяспекі паслужыў удзел выхаванцаў у забаве “Чароўны светлячок”. Дзеці чыталі вершы пра флікеры, замацоўвалі веды пра святлафор, дарожныя знакі, пешаходны пераход, іх функцыі і значэнні. Напрыканцы прадэманстравалі самаробныя флікеры.

Святлана МІХАЛКЕВІЧ,
выхавальніца дашкольнай адукацыі Нягневіцкага ДЦРД Навагрудскага раёна.