×

Даследаванне пра кураня

04.11.2019 11:41,

У Гродне прайшоў заключны этап абласнога конкурсу даследчых работ і творчых праектаў Я пазнаю свет. Каманду Воранаўскага раёна і нашай школы прадстаўляў вучань 8 класа Арцём Шымялевіч з работай Імправізаваны інкубатар: кураня, якое нарадзілася ў кашулі.

Арцём Шымялевіч паставіў перад сабой мэту вырасціць кураня пры дапамозе імправізаванага інкубатара. Прайшоўшы нялёгкі шлях, хлопчык зрабіў выснову аб тым, што прамысловыя інкубатары каштуюць дорага, людзі прыдумляюць розныя спосабы вывядзення куранят. І ён паспрабаваў самастойна змайстраваць імправізаваны інкубатар і вывесці кураня.

Для гэтага ён вывучыў навуковую літаратуру, пазнаёміўся з біялагічнымі тэрмінамі, вёў дзённік назірання за аб’ектам. І ўсё атрымалася! Гіпотэза даказана! Яму ўдалося вывесці кураня без курыцы і прамысловага інкубатара, стварыўшы для гэтага пэўныя ўмовы.

Выступленне Арцёма было бездакорнае. На мноства пытанняў былі дадзены змястоўныя адказы. У выніку — 1-е месца! Ганаруся, што пад маім навуковым кіраўніцтвам у Арцёма атрымалася цікавае даследаванне.

Аксана АНДРУКОНІС,
класны кіраўнік 8 класа Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.