×

Даследуем, эксперыментуем, развіваемся

25.11.2019 14:32,

Дзеці дашкольнага ўзросту па сутнасці сваёй ужо даследчыкі. Ім усё хочацца ведаць, іх усё цікавіць. Таму эксперыментальна даследчая дзейнасць стала асноўнай для выхаванцаў рознаўзроставай групы Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна. 

Праз эксперыментаванне дзеці выявілі шмат уласцівасцей і якасцей матэрыялаў. Якім цудам было для хлопчыкаў і дзяўчынак убачыць, што драўляныя прадметы плаваюць у вадзе, а металічныя тонуць; адчуць, што дрэва цёплае, а метал халодны. 

Падчас эксперыментаў з вялікім задавальненнем дзеці вучыліся ўсталёўваць прычынна-выніковыя сувязі паміж матэрыялам і спосабам яго выкарыстання.

Некаторыя дзеці здагадаліся, чаму боты робяць з гумы (бо гума не прамакае). Лодку лепш зрабіць з дрэва, бо дрэва плавае, і дом лепш пабудаваць з дрэва, таму што дрэва — матэрыял цёплы.

Практычным шляхам выхаванцы вызначалі якасці і ўласцівасці паперы і тканіны. Сышліся на тым, што парасон лепш зрабіць з тканіны, таму што тканіна больш трывалая за паперу: калі стане мокрай, не парвецца. 

Вось такія знаёмыя матэрыялы: метал, дрэва, гума, папера, тканіна — раптам зрабіліся цікавымі і чароўнымі для выхаванцаў!

Алена ЯБЛОНСКАЯ,
выхавальніца рознаўзроставай групы Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.