×

Для ўмацавання здароўя

12.02.2020 14:48,

У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці №2 Дзятлава працуе санаторная група для часта хварэючых дзяцей, дзе ствараюцца аптымальныя ўмовы для ўмацавання здароўя і камфортнага эмацыянальнага самаадчування выхаванцаў, фарміравання ў іх асноў здаровага ладу жыцця.

Для гэтага выхавальнікізадаюць адукацыйнаму працэсу аздараўленчы кірунак: праводзяць хвілінкі здароўя, прапануюць дзецям пальчыкавыя гульні і дыхальныя практыкаванні, практыкаванні на прафілактыку плоскаступнёвасці, парушэння асанкі і парушэння зроку, забяспечваюць загартоўванне і аптымальны рухальны рэжым, прадугледжваюць змену поз дзяцей.

Прадметнае асяроддзе групы і пазнавальны гульнявы матэрыял носяць аздараўленчы характар. У кніжным кутку, акрамя кніг і часопісаў, дадаткова размяшчаюцца тэматычныя паштоўкі, на якіх прапануюцца невялікія вершы пра садавіну і агародніну, хлеб і бульбу, спорт і фізкультуру, чысціню і гігіену.

У кутку сюжэтных гульняў гульнявы матэрыял падказвае правілы здаровага ладу жыцця. Гульня “Магазін” прапануе больш садавіны, агародніны, сокаў, малочных прадуктаў, не шкодных салодкіх прадуктаў (зефір, мармелад, сухафрукты). Гуляючы з лялькамі ў “Сям’ю”, дзеці даведваюцца пра расклад дня, гігіенічныя працэдуры, мыццё адзення і прыбіранне памяшкання.

Атрыбуты спартыўнага кутка выкарыстоўваюцца самастойна і з дапамогай выхавальніка. Дзеці выконваюць дыхальныя практыкаванні з каляровымі стужкамі і рознымі лісточкамі, ходзяць па “дарожках здароўя”, гуляюць з масажнымі мячыкамі, рознакаляровымі сцяжкамі і хустачкамі, малымі абручамі і кеглямі.

Сучасным педагагічным падыходам да аздараўлення выхаванцаў санаторнай групы з’яўляецца выкарыстанне музычнага фону ў працэсе розных рэжымных момантаў. На рухальных перапынках уключаецца рытмічная музыка, пры самастойнай гульнявой і выяўленчай дзейнасці —ціхая і спакойная, пры засынанні —калыханкі на рускай і беларускай мовах, пры абуджэнні— мажорныя дзіцячыя песні.

З мэтай комплекснага падыходу выхавальнікі ўзаемадзейнічаюць з медыцынскімі работнікамі, якія ажыццяўляюць лячэбна-прафілактычную работу: перыядычны медыцынскі агляд выхаванцаў, назначэнне медыкаментозных сродкаў, арганізацыя дыетычнага харчавання, вітамінізацыя харчавання, правядзенне прафілактычнага масажу і фізіятэрапеўтычных працэдур, правядзенне тэматычных гутарак з дзецьмі і іх бацькамі аб культуры здароўя.

Загартоўванне з выхаванцамі праводзіцца сістэматычна, паслядоўна  з улікам патрабаванняў вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі

Арганізацыю фізкультурна-аздараўленчай работы забяспечвае кіраўнік фізічнага выхавання, які плануе і праводзіць мерапрыемствы з улікам узросту, полу, індывідуальных асаблівасцей і асобасных якасцей дзяцей, спецыфікі захворванняў і стану здароўя.

З мэтай фарміравання сацыяльнага вопыту і выхавання пазітыўнагастаўлення да сябе, дарослых і аднагодкаў педагог-псіхолаг прапануе псіхагімнастычныя гульні і практыкаванні “Падорым дабрыню”, “Сагрэем птушачку”, “Усміхнёмся сонейку”, “Дапаможам сябру” і іншыя.

Спадзяёмся, што нашы намаганні і падыходы дапамогуць умацаваць здароўе выхаванцаў і забяспечыць іх рознабаковае развіццё.                  

Надзея СТУПЧЫК,
выхавальнік ДЦРД № 2 Дзятлава.