×

Добрыя сябры

14.08.2019 12:12,

Два гады назад, 1 чэрвеня 2017 года, у Лідзе пачаў працаваць Цэнтр бяспекі МНС. На працягу навучальнага года, а таксама летам дзеці разам з настаўнікамі прыязджаюць у цэнтр, каб у чарговы раз успомніць аб тым, як важна ведаць правілы бяспекі.

У першы месяц канікул вучні 6 “Д” і 7 “Г” класаў сярэдняй школы № 16 Ліды разам з настаўнікамі ў чарговы раз прыехалі ў цэнтр. Тут іх сустрэлі вопытныя работнікі МНС. Мэтай заняткаў, якія арганізавалі ратавальнікі, было навучанне дзяцей правілам паводзін у выпадку ўзнікнення пажару.

Так, у спецыяльна абсталяваным класе дзецям паказалі, як правільна карыстацца вогнетушыцелем. Таксама вучні атрымалі веды пра астатнія сродкі і прыстасаванні, пры дапамозе якіх можна патушыць пажар.

Дзецям усё было вельмі цікава, і кожнаму хацелася паспрабаваць сябе ў ролі пажарнага ці ратавальніка.

У спецыяльна абсталяваным пад кухню класе нам быў прадэманстраваны прыбор, з дапамогай якога можна ўбачыць парушэнні ў працы электрапрыбораў, цэласнасці пячнога коміна і газавага абсталявання.

Акрамя гэтага, дзяцей навучылі, як правільна дзейнічаць падчас узнікнення пажару. У адным са спецыяльных памяшканняў былі прадэманстраваны ўмовы ўзнікнення пажару, і яны былі так набліжаны да рэальных, што першым пачуццём, якое ўзнікла ў “ахопленым полымем пакоі”, быў страх. Але дзеці памяталі, што панікаваць пры пажары нельга, і шукалі выйсце з гэтага пакоя так, як ім расказала інструктар.

У класе, які быў абсталяваны спецыяльнымі тэлефоннымі кабінкамі, школьнікі навучыліся правільна выклікаць на дапамогу пажарную службу.

Дарэчы, атрыманыя веды можна было замацаваць не толькі на практыцы ў спецыяльна абсталяваных класах, але і ў комп’ютарным класе падчас выканання тэставых заданняў.

Таццяна ЖВАЦЕЛЬ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школа №6 Ліды.